Вы тут

Замест дошкі Караткевіча — пуста: куды дзеліся памятныя таблічкі пісьменнікам

Мемарыяльная дошка пісьменніку Івану Навуменку на Карла Маркса, 36 / Еўрарадыё

На вуліцы Карла Маркса, 36 у Мінску да нядаўняга часу віселі мемарыяльныя дошкі памяці пісьменнікаў Янкі Маўра і Уладзіміра Караткевіча. Чытачы Еўрарадыё заўважылі, што цяпер там пуста.

Мемарыяльная дошка Уладзіміру Караткевічу. Статус: адсутнічае / Еўрарадыё

Адразу на выхадзе з падземнага пераходу на метро "Купалаўская" знаходзілася мемарыяльная дошка ў гонар Янкі Маўра. Цяпер яна адсутнічае.

Была мемарыяльная дошка Янку Маўру — цяпер роўная сцяна / Еўрарадыё

На фасадзе будынка паміж памятнымі таблічкамі Маўру і Караткевічу была яшчэ адна, прысвечаная беларускаму празаіку Івану Навуменку. Яе не знялі, але на ёй — брудны будаўнічы пакет.

Памятная таблічка ў гонар Івана Навуменкі. Пад пакетам і не зразумееш, каму яна прысвечана / Еўрарадыё

Куды зніклі мемарыяльныя дошкі? У дыспетчарскай ЖЭУ Ленінскага раёна Еўрарадыё адказваюць, што прычына адсутнасці таблічак — капрамонт будынка:

— Там ідзе капрамонт дома, рамантуюць фасад. Таму часова ўсё знялі. У доме яшчэ не скончаны капрамонт, у сувязі з гэтым таблічак некаторы час не будзе.

Дом на Карла Маркса, 36 — "пісьменніцкі". Раней тут жылі Пятро Глебка, Янка Маўр, Іван Навуменка, Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.