Вы тут

Замест Быкава і Зісера: у чый гонар называюцца новыя вуліцы ў Мінску

Юрый Зісер / kyky.org

Мінгарвыканкам адказаў на петыцыю з прапановай назваць адну з вуліц Мінска ў гонар заснавальніка TUT.by і мецэната Юрыя Зісера. Калі коратка, нягледзячы на 4,5 тысячы подпісаў пад петыцыяй, пакуль што такой вуліцы ў сталіцы не будзе.

Чыноўнікі апраўдваюць гэта аб'ектыўнымі абставінамі. Маўляў, ніхто не забараняе грамадзянам звяртацца з прапановамі, але ў "чарзе" — пераліку прапаноў для найменняў розных лакацый Мінска — больш за 60 вядомых людзей, ад маршала Баграмяна да Васіля Быкава, ад Амара Хаяма да Руслана Салея.

Пры гэтым новыя вуліцы, якім прысвойваюць назвы, у Мінску з'яўляюцца рэдка. У 2016 годзе іх было пяць, у 2017-м — усяго дзве, у 2018-м — зноў дзве, а ў 2019-м — наогул ніводнай.

Каму шанцуе больш за Быкава і Зісера, у чый гонар новыя вуліцы ў Мінску усё-такі называюць?

У 2018 годзе ў Мінску з'явіліся вуліцы навукоўца Аркадзя Смоліча і паэта Алеся Дудара. У 2017-м — вуліцы Пільніцкая і Лапаровіцкая (абедзве названыя ў гонар вёсак у Папярнянскім сельсавеце Мінскага раёна). У 2016-м — вуліцы імя акторкі Паўліны Мядзёлкі, шляхецкага роду Ельскіх, а таксама вуліцы Крыжоўская і Ждановіцкая — у гонар населеных пунктаў — і вуліца Рэспубліканская.

У 2015 годзе ў Мінску дзве вуліцы назвалі ў гонар кінарэжысёраў Віктара Турава і Міхаіла Пташука.

Наколькі прынцыпова называць сталічныя вуліцы ў гонар Крыжоўкі або Ждановічаў, калі ў пераліку чакаюць Быкаў і Адамовіч? Пытанне рытарычнае.

Мінгарвыканкам / Minsk.gov.by

— Лаяцца не спяшайцеся. У кожнага дзяржаўнага органа ёсць свае межы кампетэнцыі і кола пытанняў, якімі ён займаецца, гэтаксама як і кожнае рашэнне дзяржаўнага органа мае свой парадак прыняцця, — каментуе адказ Мінгарвыканкама аўтар петыцыі, юрыст Уладзімір Нясмашны. — Таму вынік у разуменні працэсаў дзяржаўнага кіравання хутчэй станоўчы. Хоць бы таму, што прапанова прынятая і накіраваная для разгляду ў той орган, які мае права прымаць такое рашэнне. 

Заснавальнік партала TUT.by, хостынг-правайдэра hoster.by, прадпрымальнік, грамадскі дзеяч, мецэнат Юрый Зісер памёр 17 мая ў Мінску пасля працяглай хваробы. У той жа дзень з'явілася петыцыя за тое, каб назваць яго імем вуліцу ў сталіцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.