Вы тут

Залатыя шарыкі: колькі ўлады выдаткуюць на ўпрыгожванне гарадоў да Новага года

Так будзе выглядаць галоўная ёлка краіны гэтым разам. На шчасце, мы не ведаем, колькі гэта каштавала​

Да Новага года сталічнае прадпрыемства "Мінскрэклама" закупіла на аўкцыёне 8,3 тысячы навагодніх шароў амаль на 250 тысяч рублёў. Атрымліваецца, што кожны шар каштуе каля 30 рублёў. Нядрэнна, так?

Еўрарадыё вывучыла, колькі ўлады марнуюць на ўпрыгожванне гарадоў да Новага года.

Ашчушчэніе свята

Вулічныя шары ў "Мінскрэкламы" атрымалася закупіць не з першай спробы: першы аўкцыён, на якім чыноўнікі планавалі іх набыць, быў прызнаны несапраўдным. Пашанцавала другі раз, калі і аб'ём закупкі павялічылі на тысячу штук, і агульны кошт — амаль на 80 тысяч рублёў. Яшчэ адна закупка — штучныя яловыя галінкі. На іх сышло каля 115 тысяч рублёў.

Новыя елкі ў Мінску сёлета вырашылі не закупляць, проста памяняюць месцамі старыя. Напрыклад,"стужачная елка" пераедзе з Нямігі ў Чыжоўку / TUT.BY

У Гомелі на навагоднія кампазіцыі — святлодыёдныя скульптуры — улады плануюць выдаткаваць амаль 32 тысячы рублёў. За гэтыя грошы ў абласным цэнтры ўсталёўваюцца фігуры лотаса, быка, лічбы года, алені, ледзяны трон і снежная каралева. Яшчэ 35 тысяч рублёў сыходзяць на ілюмінацыйную агароджу галоўнай гарадской ёлкі. Нарэшце, у 28 тысяч рублёў абышоўся гораду новы архітэктурны праектар — ён будзе выводзіць на будынкі святочныя выявы.

Ва ўяўленні брэсцкіх чыноўнікаў "эскіз" — гэта проста прымацаваны малюнак персанажа мультфільма

У 150 тысяч рублёў абыдзецца Брэсту толькі навагодняя ілюмінацыя. За гэтыя грошы закупляюцца гірлянды розных форм. Яшчэ 75 тысяч пойдуць на ўпрыгожванне галоўнай гарадской елкі.

У Віцебску на закупку і мантаж елкі на гарадской плошчы Перамогі чыноўнікі выдзелілі каля 43 тысяч рублёў.

Фотазоны і святлодыёдны лотас

Райцэнтрам свята абыходзіцца, як правіла, у меншыя сумы. Напрыклад, адміністрацыя Валожына, закупляючы навагоднюю ілюмінацыю, павінна ўкласціся ў 93 тысячы рублёў. Сюды ўваходзіць святлодыёдная канструкцыя "Сані Дзеда Мароза з аленем", асобна — фігуры Дзеда Мароза і аленя, а яшчэ расцяжкі. Больш за палову гэтых грошай пойдзе на святлодыёдныя кансолі (святочныя фігуркі на ліхтарах) — амаль 59 тысяч.

Кіраўнікі Ашмянаў выглядаюць эканомнымі ў параўнанні з суседзямі. На ўпрыгожанні для галоўнай гарадской елкі і афармленне вуліц яны вылучылі ўсяго 27 тысяч рублёў. Улады Астраўца — 50 тысяч рублёў: тут будзе фотазона "Трон", шасціметровая елка, упрыгожанні для яе і тыя ж кансолі. Магчыма, у "горадзе атамшчыкаў" многія ўпрыгожанні засталіся з мінулага года, калі на іх выдаткавалі 170 тысяч рублёў.

Галоўная елка Астраўца не зусім адпавядае статусу горада / Астравецкая праўда

У Хойніках, падобна, елка ў гэтым годзе будзе самай сціплай: яе закупка абыдзецца гораду ў 25 тысяч рублёў. Чаго не скажаш пра Салігорск: там вырашылі адзначыць Новы год ну зусім па-багатаму! Улады выдзелілі (!) 269 тысяч рублёў для таргоў па наступным лоце: "Металічны каркас навагодняй елкі са штучнымі ялінкамі ў камплекце са светлавым афармленнем (афармленне елкі і светлавой ілюмінацыі "Зорнае неба")". Пры гэтым елка павінна апраўдваць цану: выключна экалагічныя матэрыялы (праўда?), 25 метраў у вышыню і дзевяць метраў у дыяметры ў падножжа. Пашанцавала салігорцам.

Суцэльная эканомія

У цэлым, мясцовыя ўлады не абнаўляюць цалкам усе ўпрыгожанні кожны год, інакш выдаткі былі б зусім завоблачнымі. Напрыклад, у 2019-м Брэст купіў сабе елку за 277 тысяч рублёў, служыць яна будзе і сёлета.

Не толькі елкі, але часта і ілюмінацыю закупляюць раз у некалькі гадоў. Абнаўляюць гірлянды і кансолі паступова, часам дадаючы больш актуальныя элементы. Ацаніць кошт усіх упрыгожанняў, якія ёсць на балансе, немагчыма, але нават абрывістыя звесткі ўражваюць.

Чаго толькі каштуюць некалькі святлодыёдных скульптур, устаноўленых у 2018-м годзе ў Мінску. Яны абышліся гораду (увага!) амаль у мільён долараў. Дзякуй, што выканкам не закупляе такія штогод.

Некалькі такога тыпу фігур абышліся казне ў мільён долараў

Складана падлічыць і сумы, якія выдаткуюць на святочныя ўпрыгожанні ўстановы (напрыклад, дамы культуры) і прадпрыемствы. Адзін прыклад: летась "Гродна-Азот" закупіў ілюмінацыю, якая каштуе больш за 50 тысяч рублёў. Гігант праводзіць закупку і сёлета, але сума там яшчэ невядомая.