"Закон не забараняе". Чаму ў Беларусі ў "Дзень цвярозасці" гандлююць півам

"Закон не забараняе". Чаму ў Беларусі ў "Дзень цвярозасці" гандлююць півам

17 лістапада ў Бабруйску праходзіў "Дзень цвярозасці". Ці, як назвалі яго ў сацсетках, "Дзень недацвярозасці": у крамах горада без абмежаванняў прадавалася піва і слабаалкагольныя напоі. 

"Піва прадавалі, таму "Дзень цвярозасці" не атрымаўся. А вось Дзень студэнта, думаю, так", — з'едліва каментуюць у сацсетках бязлітасную барацьбу гарадскіх уладаў з п'янствам.

"Закон не забараняе". Чаму ў Беларусі ў "Дзень цвярозасці" гандлююць півам

"Раней піва на "Дзень цвярозасці" ў крамах не прадавалі. Толькі ў кавярнях ды на "вынасных" кропках: ёсць такія адкрытыя пляцоўкі са столікамі, — распавядае Еўрарадыё жыхар Бабруйска Алесь Сушчэўскі. — Але апошнім часам сапраўды пачалі прадаваць. Прычым не толькі разліўное, а ў пляшках. Бяры, што хочаш!"

Знайшлося выйсце з "Дня цвярозасці" і для аматараў моцных напояў. 

"На скрыжаванні трас Мінск — Гомель і Бабруйск — Магілёў, а гэта ўсяго 7 кіламетраў ад мяжы горада, знаходзіцца аўтазапраўка, якая працуе 24/7. З крамай, не менш кругласутачнай. Запраўка адносіцца да Кіраўскага раёна, і графікі дзён цвярозасці ў двух раёнах ніколі не супадаюць", — дзеліцца назіраннямі вядомы бабруйскі доктар і блогер Канстанцін Талстаногаў.

На запраўцы, пра якую кажа доктар, пацвярджаюць: падчас "Дзён цвярозасці" там то гандлююць моцным алкаголем, то не: у залежнасці ад таго, ці прыйдзе загад. Загады ж прыходзяць ад кіраўніцтва Кіраўскага райвыканкама. Што праўда, апошнім часам на запраўку заязджаюць толькі дасведчаныя аматары выпіць: пасля рамонту дарогі з'езд на гэтую АЗС зладзілі праз незаўважную "кішэню", не адзначаную знакам.

Хто ўвогуле прыдумаў гандляваць півам на "Дзень цвярозасці"?

Намесніца старшыні Бабруйскага гарвыканкама Іна Ануфрыева тлумачыць Еўрарадыё, што закон гэтага і не забараняе!

"Правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцця і прафілактыку алкагалізму рэгулюецца законам "Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай прадукцыі, што ўтрымлівае спірт, і нехарчовага этылавага спірту". Гэта закон 429-З ад 27 жніўня 2008 года, — распавядае Еўрарадыё чыноўніца. — Дык вось, гэты закон дзейнічае толькі ў дачыненні да алкагольнай прадукцыі мацункам вышэй за 7 градусаў. То бок, моцнае піва — 7 градусаў і вышэй — нельга. А да 7 — можна".

А тое, што некаторыя крамы ўсё ж падыходзяць да паняццая цвярозасці строга і ў дні барацьбы за здаровы лад жыцця не гандлююць нічым, мацнейшым за кефір, — гэта выключна іх добрая воля.

"Нашых такіх патрабаванняў ці патрабаванняў органаў унутраных справаў, якія кантралююць правядзенне такіх мерапрыемстваў, няма, — працягвае Іна Ануфрыева. — Але падчас мінулага свята цвярозасці я размаўляла з кіраўнікамі прадпрыемстваў. Яны кажуць: "Мы самі так вырашаем". У гіпермаркеце "Карона", напрыклад, ім прасцей закрыць ўсю алкагольную секцыю. І ўсё. Можа быць, гэта і правільна, але ў законе ёсць пункт 5 артыкула 11".

Гэты пункт кажа пра тое, што мясцовыя ўлады маюць права абмяжоўваць час гандлю алкаголем у дні школьных выпускных, а таксама ладзіць "Дні цвярозасці". Паколькі ўвесь закон датычыцца алкаголю, мацнейшага за 7 градусаў, атрымліваецца, нішто не забараняе беларусу адзначыць Дзень цвярозасці куфлем піўка. А лепш двума, каб цвярозасць была суцэльнай і відавочнай.

Дарэчы, звесткі пра тое, калі і ў якім рэгіёне Беларусі ладзіцца "Дзень цвярозасці", знаходзяцца ў адкрытым доступе. Ім прысвечаны адмысловы сайт. Там можна загадзя даведацца, калі і ў які раён трэба браць "з сабой". Бліжэйшы "Дзень цвярозасці" — 24 лістапада ў Дзяржынскім раёне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі