Заходнія эксперты: Еўропа ў прадчуванні росту антыісламскіх настрояў

Аглядальнік Deutsche Welle Хрыстоф Хасельбах мяркуе, што пасля жахлівага тэракту, што адбыўся ў рэдакцыі Charlie Hebdo, можна чакаць заклікаў да асцярожнасці і стрыманасці:

“Гэй вы, гумарысты, хопіць кпіць з ісламу, спыніцеся ўжо, нам тут рэлігійная вайна не патрэбная”. Але гэта было б акурат тое, чаго і дамагаюцца тэрарысты — добраахвотнае абмежаванне волі. Нельга паддавацца на шантаж падобнага роду. Тым не меней горла сціскае, калі задумваешся над наступствамі тэракту. І без таго значная напружанасць у Францыі працягне нарастаць. Немалая колькасць жыхароў краіны — мусульмане. Многія з іх беспрацоўныя і вядуць маргінальны лад жыцця. Існуюць такія гета, куды не рызыкуе заходзіць нават паліцыя”.

Сур’ёзныя наступствы чакаюць не толькі адну Францыю. Практычна ў кожнай краіне ЕС усё больш папулярнымі становяцца партыі, якія прапаведуюць ксенафобію.

“Цяпер яны скажуць: “Ага, пераканаліся, што мусульмане першапачаткова не такія як мы? Яны не здольныя да інтэграцыі!”. Злачынства, здзейсненае дробнай групай, што адкалолася ад рэлігійнай меншасці, хутка стане сімвалам для ўсёй вялікай рэлігіі з яе прыхільнікамі”.

Эксперт мяркуе, што не варта падманваць сябе, жыццё грамадзянскай супольнасці не стане прасцей. І вельмі важна захоўваць цвярозае ўспрыманне рэчаіснасці.

“Так, гэта жудасны, нічым не апраўданы ўдар супраць нашай свабоды. Але мы нікому не дазволім яе ў нас адабраць. Варта памятаць, што цярпімасць — гэта частка свабоды, трэба абараніць і яе. А значыць, няма прычыны падазраваць усіх мусульман у адным злачынстве або сумнявацца ў базавых прынцыпах нашага мірнага суіснавання”.

Аглядальніца ВВС Кэралайн Уаят мяркуе, што тэракт у Парыжы можа быць працай адзіночак, але рэха стрэлаў у рэдакцыі Charlie Hebdo адгукнецца чарговай спробай зразумець, чаму ж маладыя мусульмане так і не змаглі інтэгравацца ў заходняе грамадства:

“Цяпер у Францыі і Германіі на імігрантаў глядзяць ўсё больш падазрона. Тую ж тэндэнцыю можна назіраць і ў больш талерантнай Брытаніі. Варта адзначыць, што Францыя валодае самым вялікім мусульманскім насельніцтвам у Еўропе: каля 5 мільёнаў чалавек, што складае прыкладна 7,5% грамадзян. А ў Брытаніі, напрыклад, мусульман усяго 3 мільёны, ці 5% насельніцтва. І ўсе тры асноўныя палітычныя партыі Брытаніі вымушаныя неяк рэагаваць на рост грамадскай незадаволенасці ўзроўнем іміграцыі.

Яшчэ большую раздражняльнасць выклікаюць маладыя, нездаволеныя жыццём дзеці і ўнукі першых імігрантаў, якія, на думку грамадства, катэгарычна адмаўляюцца падладжвацца пад заходні лад жыцця, уключаючы традыцыі рэлігійнай цярпімасці і свабоды слова.

Пры гэтым некаторая частка яўрэйскай абшчыны адказала на нарастаючы антысемітызм і гібель яўрэяў у Францыі і Бельгіі ад рук ісламскіх экстрэмістаў іміграцыяй у Ізраіль ці іншыя краіны.

У выніку ў краінах заходняй Еўропы ліберальная грамадскасць падзяліліся па пытанні аб тым, як лепш за ўсё змагацца з радыкальным ісламам і яго уплывам на маладыя розумы. Адначасова ўрады гэтых краін пакутліва спрабуюць зразумець, як не дапусціць рост антыісламскіх настрояў у Еўропе.

Хоць усе ўмераныя мусульманскія арганізацыі ў Брытаніі і Францыі адназначна асудзілі забойства журналістаў, заявіўшы, што тэрарызм з'яўляецца абразай ісламу, рост папулярнасці правых радыкальных партый і рост антыісламскіх настрояў, хутчэй за ўсё, негатыўна адаб’ецца акурат на законапаслухмяных і ўмераных мусульманах.

Перад урадамі і рэлігійнымі лідарамі еўрапейскіх краін стаіць няпростая дылема: як змагацца з гвалтам у імя рэлігіі так, каб адначасова не пацярпелі рэлігійныя меншасці, а іх саміх не абвінавацілі ў ісламафобіі?”, — піша журналістка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі