Забруджанне вады ў Дняпры ў 28 тысяч разоў перавышае норму — Мінздароўя Украіны

Затапленне ў Херсоне пасля падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС / Reuters
Затапленне ў Херсоне пасля падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС / Reuters

Забруджанне вады ў Дняпры ў 28 тысяч разоў перавышае норму. Пра гэта ў інтэрв'ю Бі-Бі-Сі заявіў міністр аховы здароўя Украіны Віктар Ляшко. Паводле яго слоў, уся акваторыя ніжэй за Кахоўскую дамбу "непрыдатная для выкарыстання".

Медыкі забараняюць там купацца, піць ваду, паіць жывёлу. "Калі чалавек будзе купацца ў такой вадзе, патэнцыйна можа ўзнікнуць захворванне [халера, гепатыты, паразіты]. Ачышчальныя збудаванні перайшлі на экстранныя рэжымы дэзінфекцыі. Узмоцнены маніторынг якасці вады ў вадаправоднай сетцы, каб не прапусціць успышку", — кажа Ляшко.

Адпачываць на ўзбярэжжы Чорнага мора таксама забаронена. Камунальнікі прыбіраюць трупы жывёл, рыб і малюскаў на дне Кахоўскага вадасховішча, каб у ваду не траплялі прадукты іх гніення.

Ляшко спадзяецца, што ўспышак эмідэмій удасца пазбегнуць пры захаванні санітарных нормаў. У Мінздароўя абвяргаюць чуткі, быццам ва Украіне зарэгістраваны першы выпадак халеры. "Ніводнага выпадку халеры ў людзей няма. Праводзім эпідманіторынг вадаёмаў, і перыядычна ў нас выяўляюць халерныя вібрыёны як звязаныя з падтапленнем, так і не звязаныя. Так было і раней", — адзначае міністр.

Выбух на дамбе Кахоўскай ГЭС адбыўся ўначы 6 чэрвеня. Расійскі бок спрабаваў перакласці адказнасць за гэта на ўкраінскую ракетную атаку. Аднак сама ГЭС з 2022 года знаходзіцца пад расійскім кантролем, а перад прарывам дамбы амерыканскія спадарожнікі зафіксавалі выбух унутры плаціны.

Расследаванне падрыву Кахоўскай ГЭС пачаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі