Вы тут

Забойцу пападдзі з Азарычаў прысудзілі 24 гады ўзмоцненага рэжыму

Віктар Марозаў на судзе / TUT.by

У Гомельскім абласным судзе абвешчаны прысуд 23-гадоваму Віктару Марозаву з Калінкавіцкага раёна. Суд прызнаў маладога чалавека вінаватым у жорсткім забойстве жонкі праваслаўнага святара з Азарычаў і прысудзіў яму 24 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша TUT.by.

Марозава вінавацілі ў разбоі з пранікненнем у жыллё, забойстве з асаблівай жорсткасцю і ўгоне. Пракурор прасіў прызначыць яму 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сам падсудны ў апошнім слове прасіў суд не караць яго строга, бо не меў намеру забіваць.

Як паведамлялася раней, цела пападдзі з нажавымі раненнямі знайшлі ў доме ў гарадскім пасёлку Азарычы Калінкавіцкага раёна зранку 2 кастрычніка 2019 года. Спярша ў яе забойстве падазравалі 47-гадовага мужа і нават затрымалі яго. Аднак потым следчыя выйшлі на іншага чалавека.

Следства выявіла, што 1 кастрычніка 23-гадовы малады чалавек працаваў у храме ў Азарычах. Пасля заканчэння працоўнага дня ён па тэлефоне пасварыўся са сваёй дзяўчынай. Юнак выпіў і вырашыў угнаць Volkswagen Transporter, які належаў святару. На шум аўтамабіля выйшла пападдзя, і малады чалавек ударыў яе нажом. Потым ён зайшоў у дом і там стаў збіваць яе: следства наліыла 62 удары нажом, рукамі, нагамі і тупымі прадметамі. Муж у гэты час моцна спаў, бо напярэдадні выпіў. Жанчына памерла ад атрыманых траўмаў. 

Нападнік забраў ключы ад аўтамабіля, 20 долараў, 1000 расійскіх рублёў, смартфон і з'ехаў. Потым на малочна-таварнай ферме ў роднай вёсцы ён наехаў на смеццевы кантэйнер, і пра ДТЗ даведалася міліцыя.

Эксперты выявілі, што след участка далоні з месца злачынства супаў са слядамі далоні хлопца. 3 кастрычніка Марозава затрымалі. Пазней у яго знайшлі клінок нажа, дзяржальна якога раней было знойдзенае каля дома забітай пападдзі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.