Вы тут

За звальненне гомельскай настаўніцы Лукашэнка звольніў дырэктара школы

Гомельская школа №15, дзе адбыўся інцыдэнт / svaboda.org

За звальненне гомельскай настаўніцы Людмілы Чацвяртковай Аляксандр Лукашэнка пакараў шэраг чыноўнікаў — ад дырэктара школы да міністра адукацыі. Пра гэта "Комсомольской правде в Беларуси" распавяла прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант

Па яе словах, сітуацыя ў гомельскай школе — гэта "яскравы прыклад усёдазволенасці з боку вучняў, хамскага стаўлення да настаўніка і школы".

Як распавядалася раней, у інтэрнэт трапіў запіс з урока, на якім настаўніца заяўляе чацвёртакласніку: "Я пайду ў турму, а табе п...ц!" Пры гэтым яна трымае над галавой вучня парту. 

Здарэнне шырока абмяркоўвалася. Настаўніцу звольнілі з працы, як толькі інцыдэнт трапіў у СМІ, — 13 верасня. Меркаванні ў грамадстве падзялілся. Частка падтрымлівала вучня, з якім груба абыходзіцца педагог. Іншая частка абараняла настаўніцу, якую, паводле некаторых звестак, мэтанакіравана цкавалі вучні. 

18 верасня паводле вуснага даручэння кіраўніка дзяржавы Чацвярткову аднавілі на працы. Па словах Эйсмант, Лукашэнку абурыў "чэрствы, абыякавы падыход мясцовых кіраўнікоў да лёсу чалавека, калі, разабраўшыся зусім павярхоўна, а можа, і наогул не разабраўшыся, звальняюць спецыяліста з 35-гадовым стажам".

Ён загадаў таксама пакараць шэраг чыноўнікаў: "За непрыняцце мер па навядзенні парадку ў школах і невыкананне даручэнняў прэзідэнта строга папярэджаны прэм'ер-міністр, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта і курыруючы галіну віцэ-прэм'ер. Міністр адукацыі папярэджаны аб няпоўнай службовай адпаведнасці, вымовы абвешчаныя шэрагу службовых асобаў гомельскага абл- і гарвыканкама. Таксама ў адносінах да некаторых службовых асоб Гомельскага гарвыканкама, раённай адміністрацыі і дырэктара названай школы прынята рашэнне аб вызваленні ад займаных пасадаў з пераводам на іншую працу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.