Вы тут

За заклеенай шыбай: як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання ў Беларусі

Участак №72. На экране — штосьці цікавае / Юлія Матузава, Еўрарадыё

— Старшыня камісіі спасылаецца на пастанову ЦВК, у якой гаворыцца, што на ўчастку пры датэрміновым галасаванні можа знаходзіцца не больш за тры назіральнікі. Да мяне зарэгістравалі "надзейных" людзей і склалі графік іх дзяжурстваў. Цяпер усе гэтыя назіральнікі на ўчастку, для мяне няма месца, — расказвае Еўрарадыё незалежны назіральнік Аляксей Ялашэвіч. Ужо трэцюю гадзіну ён назірае за выбарамі са школьнага фае — на ўчастак яго не пускаюць.

4 жніўня выбарчыя ўчасткі ў Беларусі адкрыліся для датэрміновага галасавання. Адкрыліся для ўсіх, акрамя "незалежных" назіральнікаў. Мы на выбарчым участку №35 у мінскай гімназіі №42. На гадзінніку 12:30. 

— Вы чакаеце, калі хто-небудзь з іх сыдзе? — цікаўлюся я.

— Так. Таксама мы спадзяёмся, што, калі раптам хтосьці з тых, хто ўключаны ў спіс, не прыйдзе, у нас з'явіцца магчымасць паназіраць. Я кажу "мы", таму што я не адзіны назіральнік, якога не пускаюць. Але мы плануем прыходзіць кожны дзень, чаргавацца. Я сачу за працэсам хаця б адсюль, на датэрміновае галасаванне ўжо прыйшлі 11 чалавек.

Галасаванне сёлета не вельмі таемнае / Юлія Матузава, Еўрарадыё

Тая ж карціна — у мінскай школе №217. Тут працуюць тры ўчасткі для галасавання. Раніцай старшыні камісій сабралі ўсіх назіральнікаў на ганку. Тых, каму яны напярэдадні патэлефанавалі і каго ўключылі ў графік, прапусцілі ў будынак. Астатніх пакінулі звонку.

З самай раніцы валанцёры кампаніі "Сумленныя людзі" паведамляюць, што іх не дапускаюць да назірання. Гэта прадказальна. Яшчэ 24 ліпеня ў "Тэлеграме" быў апублікаваны паўгадзінны аўдыязапіс сустрэчы беларускіх чыноўнікаў з праўладнымі назіральнікамі і сябрамі выбарчых камісій. На сустрэчы чыноўнікі расказваюць, як не дапусціць на ўчасткі для галасавання незалежных назіральнікаў, якія вылучаюцца грамадзянскай супольнасцю.

Кабінкі для галасавання на 35-м участку не закрытыя шторкамі — як і на многіх іншых па ўсёй Беларусі. Калі кабінка павернутая да сцяны, выбаршчык хоць неяк можа схавацца ў ёй ад старонніх позіркаў. А на ўчастках №72 і №4 у Мінску прыйдзецца галасаваць на вачах ва ўсёй камісіі.

Не рады "альтэрнатыўным" назіральнікам і на ўчастках №57, №58 і №59 у мінскай гімназіі №20. Іх не пускаюць нават на парог! Калі назіральнікі спрабуюць адстаяць сваё права сачыць за галасаваннем, сябры камісіі пагражаюць выклікаць міліцыю.

— З дзесяці раніцы дзверы ўчастка зачыненыя, там працуе нейкая прапускная сістэма. Спачатку пытаюцца "Куды ідзяце?" і толькі пасля гэтага ўпускаюць. Мы ж, як назіральнікі, як аказалася, наогул не можам там знаходзіцца. На нас адразу пачынаюць крычаць і клікаць міліцыю, — расказвае Дар'я, якая спрабавала трапіць у будынак гімназіі, ды не выйшла.

Назіральнікі з участка №43 расказваюць, што за час абедзеннага перапынку камісія заклеела вокны, праз якія яны маглі назіраць, што адбываецца каля выбарчай скрыні і кабінак для галасавання.

Назіранне праз вакно / Прэс-служба ініцыятывы "Сумленныя людзі"

Еўрарадыё вядомыя выпадкі, калі назіральнікі змаглі трапіць на выбарчыя ўчасткі. У асноўным гэта адбылося ў невялікіх гарадах.

Ужо 4 жніўня як мінімум адзін незалежны назіральнік быў затрыманы на выбарчым участку. Праваабарончы цэнтр "Вясна" паведамляе, што ў Мінску з участка №52 павезлі ў РУУС Кастрычніцкага раёна валанцёра ініцыятывы "Сумленныя людзі" Івана Дубовіка. На яго складаюць пратакол за супраціў супрацоўнікам міліцыі на ўчастку для галасавання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.