За спробу дзяржперавароту ў Турцыі за кратамі застаюцца каля 50 тысяч чалавек

Пасля спробы дзяржаўнага перавароту ў Турцыі ў ліпені 2016 года былі затрыманыя больш за 113 тысяч чалавек. Такую лічбу назваў міністр унутраных спраў краіны Сулейман Сойле, перадае РБК са спасылкай на турэцкія СМІ. Затрыманых падазраюць у сувязях c арганізацыяй FETO былога ісламскага прапаведніка Фетхулаха Гюлена.

Цяпер, па словах міністра, пад вартай застаюцца больш за 47 тысяч чалавек. Сярод іх каля 11 тысяч паліцыянтаў, 7,5 тысячы вайскоўскаў, 168 генералаў, больш за 2,5 тысячы суддзяў і пракурораў, 208 чыноўнікаў і больш за 26 тысяч грамадзнскіх асобаў. Яшчэ 863 падазраваных дагэтуль знаходзяцца ў вышуку.

Сойле дадаў, што больш 65 тысяч чалавек пасля затрымання былі адпушчаныя на свабоду. Аднак 41,5 тысячы з іх застаюцца пад наглядам праваахоўных органаў.

Спроба дзяржаўнага перавароту ў Турцыі адбылася ў ноч на 16 ліпеня 2016 года. Група вайскоўцаў захапіла некалькі ўрадавых будынкаў, масты і аэрапорты. Але да раніцы мяцеж быў падаўлены.