За спасылку на сайт знаёмстваў са школьніка спагналі 700 тысяч

Брэстчанін Андрэй Федасевіч быў асуджаны згодна з Дэкрэтам прэзідэнта “Аб некаторых мерах па прадухіленні гандлю людзьмі” за размяшчэнне на сваім сайце спасылкі на расійскі партал знаёмстваў Андрэй вырашыў размясціць на сваім сайце www.mybrest.net спасылку на сайт знаёмстваў дзеля павелічэння колькасці наведвальнікаў. Прычым расійскі сайт mamba.ru быў выбраны брэстчанінам з-за вельмі простай сістэмы працы спасылкі:

“Самае простае – трэба зарэгістравацца. Пасля гэтага даецца код, які неабходна размясціць на сайце. Шчыра кажучы, я не асабліва сачыў за колькасцю людзей, якія заходзілі з мэтай знаёмства на сайт, але мне падаецца, што не на шмат гэта павысіла рэйтынг”.

Прыкладна праз тыдзень пасля размяшчэння спасылкі Андрэю патэлефанавалі з аддзела па барацьбе са злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогіяў. Нічога канкрэтна не сказаўшы, папрасілі зайсці на наступны дзень:

“Падыйшоў да іх, паказалі пратакол, у якім былі скрын-шоты майго сайту і ўсе мае дадзеныя. Прычым не ведаю – адкуль, таму што ў Інтэрнэце можна максімум знайсці – гэта мой нік. А там былі ўсе мае пашпартныя дадзеныя, тэлефоны, адрас і нават дзе вучуся. Напэўна, не дарма свой хлеб ядуць у аддзеле”.

Суддзя прызначыла за размяшчэнне спасылкі на расійскі сайт знаёмстваў штраф, дазволіўшы выплочваць часткамі, бо на той момант Андрэй свайго заробку не меў і вучыўся ў 11-м класе:

“Прысудзілі штраф у памеры 700 тысяч. Дазволілі выплочваць часткамі, прыкладна па 50-100 тысяч у месяц. Але пад канец года судоваму прыставу надакучыла, трэба было закрываць справы, і мяне прымусілі выплаціць усю суму. Давялося за раз выплаціць долараў 200”.

Цікава, што справа на Андрэя Федасевіча была заведзеная прыкладна праз месяц пасля выхаду Дэкрэту “Аб гандлю людзьмі”:

“Бадай што я адзіны ў краіне, каго асудзілі па гэтым законе. Затое ў сайта з таго часу няма ніякіх праблемаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі