За серыйныя крадзяжы ліфтавых шпулек міліцыя затрымала былога ліфцёра

За серыйныя крадзяжы ліфтавых шпулек міліцыя затрымала былога ліфцёра

У Мінску супрацоўнікі роты патрульна-паставой службы міліцыі Кастрычніцкага РУУС затрымалі 22-гадовага хлопца. Яго падазраюць у серыі крадзяжоў ліфтавых шпулек тормаза з жылых дамоў, інфармуе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.

На пачатку лета жыхары Кастрычніцкага раёна сталіцы часцей сталі паведамляць пра паломкі ліфтоў у іх дамах. Рамонтнікі выявілі, што ва ўсіх выпадках ліфты ламаліся праз адсутнасць шпулек тормаза ў машынным аддзяленні. У сувязі з гэтым у міліцыю паступіў шэраг заяў аб крадзяжы шпулек. 

Зламысніка затрымалі пры чарговай спробе незаконна завалодаць ліфтавымі шпулькамі. Выявілася, што гэта 22-гадовы непрацуючы мінчук. Раней хлопец працаваў на адным з прадпрыемстваў па абслугоўванню ліфтоў, таму лёгка мог трапіць у машыннае аддзяленне.

Міліцыя паведамляе, што юнак прызнаўся ў крадзяжах ліфтавых шпулек у іншых дамах Кастрычніцкага раёна Мінска. Крадзенае ён здаваў у прыёмны пункт другаснай сыравіны. Агульная сума прычыненай шкоды склала больш за 500 рублёў.
 
Матэрыялы праверкі перададзеныя ў Следчы камітэт. Аператыўнікі высвятляюць, ці меў зламыснік дачыненне да іншых крадзяжоў шпулек на тэрыторыі Мінска. 

Адзначаецца, што раней хлопец да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі