Вы тут

Былога намстаршыні Мінгарвыканкама судзяць за хабар у $2,5 тысячы

БЕЛТА

Суд Цэнтральнага раёна Мінска пачаў разгляд крымінальнай справы былога чыноўніка Мінгарвыканкама Андрэя Дамарацкага, інфармуе БЕЛТА.

Да верасня 2017 года ён быў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, а потым — начальнікам Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку (ГУСР) Мінгарвыканкама. Чыноўніка вінавацяць у хабарніцтве, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Адным з эпізодаў праходзіць атрыманне хабару. Па звестках абвінавачання, з 1 верасня 2015 па 6 кастрычніка 2016 года Дамарацкі ў два прыёмы атрымаў хабар — 2,5 тысячы долараў. За гэта ён узгадніў дазвол на круглагадовае функцыянаванне павільёна грамадскага харчавання. 

Чыноўнік не прызнае віну ні па адным з выстаўленых яму абвінавачанняў. Дзяржабвінаваўца заяўляе, што віна падсуднага пацвярджаецца паказаннямі сведак і пісьмовымі матэрыяламі справы. 

Пад вартай Дамарацкі знаходзіцца з 7 траўня 2018 года. У судзе абвешчаны перапынак да 23 красавіка.