За фота на пешаходным пераходзе дзяцей паставяць на ўлік у міліцыю

Дзецям, якія сфатаграфаваліся лежачы тварам уніз на пешаходным пераходзе ў Баранавічах, свеціць штраф і пастаноўка на ўлік у Інспекцыі па справах непоўнагадовых горада. Яны парушылі пункт 18.2 правілаў дарожнага руху, які забараняе пешаходам затрымлівацца і спыняцца на праезнай частцы дарогі.

“Мы іх апыталі і яны самі прызналіся, — тлумачыць інспектар па справах непаўналетніх. — Па новым заканадаўстве пры любым адміністрацыйным правапарушэнні непоўнагадовыя дзеці ставяцца на ўлік. Не важна, дробнае хуліганства гэта, ці пераход вуліцы ў недазволеным месцы. То бок з імі будуць праводзіцца прафілактычныя працы, размовы ў школе, дома. А праз шэсць месяцаў, калі будзе добрая характарыстыка і не будзе іншых адміністрацыйных спагнанняў, улік аўтаматычна здымаецца”.

Праз размову з дзецьмі следства даказала, што школьнікі наўмысна ляглі на дарогу. Калі б дзеці сказалі, напрыклад, што на пешаходным пераходзе спатыкнуліся ці паслізнуліся, то не было б і падставаў для разбіральніцтва.

Раней у фатаграфаванні лежачы на асфальце міліцыя шукала і палітычны падтэкст. Асабліва іх увагу прыцягнула фота на прыступках гарвыканкама.

“Нас абвінавацілі, што мы супраць палітыкі, — распавядае адзін з удзельнікаў флэшмоба. — Матэрыял пра нас перадрукавалі на “Хартыі 97”. І нас абвінавацілі, што калі мы трапілі ў палітычны часопіс, то мы супраць палітыкі. Што такога ў тым, што хлопцы ляглі на прыступкі? Ужо параўналі пятнаццацігадовых падлеткаў з тымі, хто супраць палітыкі!”

Прычым, на думку бацькоў, каб здымка каля гарвыканкама не было, наўрад ці праваахоўнікі ўвогуле звярнулі б увагу на нявінную забаву дзяцей.

“Казалі, што такім чынам дзеці выступаюць супраць выбараў 2015 года, — узгадвае маці аднаго з удзельнікаў флэшмоба. — Карацей, нейкая лухта! Дзецям да гэтых выбараў няма ніякай справы. Яны проста захацелі пафатаграфавацца, а іх тут абвінавачваюць”.

Прычым, некаторым школьнікам намякалі на магчымасць выключэння са школы, прызнаюцца бацькі і просяць не называць іх імёнаў, былі нават размовы пра палітычную акцыю за заходнія грошы. Але ў выніку міліцыянты, відаць, самі зразумелі абсурднасць абвінавачванняў і цяпер у гэтым накірунку следства не развіваецца.

“Няма розніцы, дзе фатаграфавацца: каля райвыканкама ці каля кінатэатра, — кажуць у інспекцыі па справах непоўнагадовых. — Мне падаецца, тут шуму больш, чым нейкай справы”.

Па словах бацькоў, цяпер ім пагражае штраф, але яго памер пакуль не вядомы. Самі школьнікі ў шоку, бо ніяк не чакалі такога рэзанансу ад удзелу ў сусветна вядомым флэшмобе.

Нагадаем, кампанія дзяцей з баранавіцкай школы №10 зладзіла планкінг-флэшмоб яшчэ на пачатку кастрычніка. Фотакарткі, дзе школьнікі ляжаць на прыступках гарвыканкама, кінатэатра, на бардзюры фантана, на падлозе ў краме, на пешаходным пераходзе, мосце і г.д., яны выклалі ў сацыяльныя сеткі. Пасля чаго іх акцыя атрымала агалоску.

Планкінг быў прыдуманы яшчэ ў 1997 годзе ў Брытаніі, але пік папулярнасці прыйшоўся на 2010 год. Асноўнае правіла планкінга — ляжаць на жываце ў самых непрадказальных месцах, выцягнуўшы рукі ўздоўж цела. Сацыяльныя сеткі кішаць фотаздымкамі з усяго свету дзе адзін чалавек ці групы людзей ляжаць тварам уніз на бардзюрах, стрэхах, помніках, аўтобусных поручнях, мэблі і г.д.

Прыклад планкінгу ў свеце:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі