За фіктыўны шлюб для адкосу ад размеркавання просяць 1000 долараў

“Малады, прыстойны мужчына прапануе фіктыўны шлюб (для размеркавання або іншыя патрэбы). Прапіска мінская, прафесія "тое, што трэба” — такую абвестку знаходзім на форумах падчас размеркавання ва ўніверсітэтах.

А ў сацсетках створаная нават адмысловая суполка “фіктыўны шлюб”. Хлопцы пішуць прапановы, дзяўчаты просяць дапамогі.

“Тэрмінова патрэбны фіктыўны шлюб для пераразмеркавання, пішыце”, — паведамляе карыстальніца суполкі.

Даведваемся, колькі ж каштуе не паехаць на 2 гады ў вёску і паставіць штампік у пашпарце. Бо жонку звычайна размяркоўваюць па месцы жыхарства мужа, калі ў яна вучылася не па мэтавым накіраванні.

“На год роспіс, шлюбны кантракт — усё за ваш кошт. На 3 месяцы знаёмы заключаў — 500 долараў, а на год — 1000”, — агучвае кошты хлопец, які размяшчае абвестку ў той жа суполцы. Адкупіцца ад размеркавання і выплаціць грошы дзяржаве выйдзе даражэй: у некаторых ВНУ за “адкос” давядзецца заплаціць больш за 100 мільёнаў.

У ЗАГСах вясельнага бума на размеркаванні не заўважаюць, але адзіночныя выпадкі здараюцца.

“Мы не высвятляем, што іх прывяло. Але ў нас бывае псіхолаг, і ў яе ўзнікаюць пытанні. Некаторыя адкрыта кажуць, што мы разам і заканчваем ВНУ, распісваемся, каб не накіравалі далёка на адпрацоўку. Але гэта не часта, нельга сказаць, што павальна”, — расказваюць у ЗАГСе Кастрычніцкага раёна Мінска.

На філфаку БДУ, дзе традыцыйна вучыцца шмат дзяўчат, да выпуску бярэцца шлюбам траціна, падлічвае выпускніца Юля. Але па каханні, запэўнівае дзяўчына.

“Не палова, але траціна ўжо выйшлі замуж. Гэта чацвёрты-пяты курс, у асноўным, улетку перад 5 курсам. Дзяўчаты ў асноўным не з Мінска. Але гэта не з-за размеркавання, бо яны ўжо доўга сустракаліся”, — кажа Юля.

У выпускніцы Інстытута журналістыкі БДУ Алёны замуж выйшлі чатыры сакурсніцы.

“Тых, каго б прыціснула неабходнасць, я не ведаю. Ведаю дзяўчат, якія выйшлі замуж адразу перад размеркаваннем, але яны з хлопцамі сваімі даўно былі”, — разважае Алёна.

Яшчэ адну выпускніцу-журналістку Аляксандру размяркоўваюць у Нароўлю. Са свайго патоку яна налічвае пецярых дзяўчат, якія ўжо пабраліся шлюбам. Паспелі…

Летась па размеркаванні паехалі працаваць 18 тысяч маладых спецыялістаў з дыпломамі ўніверсітэтаў. Гэта пры дваццаці тысячах размеркаваных, падлічвае Белстат.

Фота: portal.tpu.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі