За дэпутацкі мандат Касцян абяцае пракласці 87 км чыгункі

Як паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў апошняга склікання 44 ужо выказалі намер удзельнічаць у чарговых парламенцкіх выбарах. Еўрарадыё вырашыла даведацца, каго яны лічаць сваімі галоўнымі супернікамі на выбарах і якімі паліттэхналогіямі будуць карыстацца ў барацьбе з разнастайнымі канкурэнтамі за дэпутацкі мандат. Дэпутат Сяргей Касцян будзе схіляць на свой бок жыхароў Мазыршчыны, выбарнікаў Палескай выбарчай акругі № 43. Праўда, ён шчыра прызнаўся Еўрарадыё, што ўласнай перадвыбарнай праграмы не мае.

Сяргей Касцян: “У мяне сваёй асабістай праграмы няма. Ёсць праграма прэзідэнта, якую ўхвалілі на Усебеларускім сходзе, і ёсць праграма Камуністычнай партыі Беларусі, сябрам якой я з’ўляюся. Гэтыя дзве праграмы ідэнтычныя, яны накіраваны на падтрымку больш высокага ўзроўню жыцця беларускага народа, і таму я падтрымліваю гэтыя абедзве праграмы і буду іх выкарыстоўваць”.

Ад сябе Касцян абяцае пракласці 87 кіламетраў чыгункі ад вёскі Рушкевічы да Мазыра, 15 кіламетраў трамвайных рэек ад Мазыра да Нароўлі, пабудаваць стадыён у мястэчку Ельск і завершыць будаўніцтва цаглянага завода ў Мазырскім раёне. Але ці здолее ён іх ажыццявіць, залежыць ад супернікаў. Іх два -- прадстаўнік ад апазіцыі, сябра АГП і старшыня Ельскага райвыканкама. Галоўным канкурэнтам на дэпутацкі мандат палітык лічыць кіраўніка выканкама. Кажа, у яго ў руках вялікі адміністрацыйны рэсурс, які ён не саромеецца выкарыстоўваць.

Сяргей Касцян: “Учора прадстаўніку маёй ініцыятыўнай групы ў саўгасе-камбінаце “Каменка”, старшыня гэтага камбіната ўзяў ды парваў пасведчанне”.

Нягледзячы на гэта, дэпутат не збіраецца выкарыстоўваць у барацьбе за мандат “брудныя” паліттэхналогіі.

Сяргей Касцян: “Я ніколі нікога не крытыкаваў, і я супернікаў на выбарах ніколі не чапаў і чапаць зараз не буду. Я буду казаць толькі пра сябе, пра тое, што я зрабіў, што збіраюся рабіць. Толькі такую буду весці працу”.

Абяцаць выбаршчыкам Днепрабугскай выбарчай акругі №10 нешта канкрэтнае пабудаваць альбо нешта даць, дэпутат Уладзімір Здановіч лічыць немэтазгодным. Кажа, пакуль даедзеш з раёна да сталіцы, можа нешта памяняцца і выканаць абяцанае не атрымаецца. Будзе няёмка перад выбаршчыкамі. Таму, каб не было няёмка, ён аддае перавагу агульным абяцанням.

Уладзімір Здановіч:
“Праграма такая, якая ідзе ад сэрца: каб кладучыся спаць, мы былі ўпэўненыя, што раніцай прачнемся ў спакойнай дзяржаве, у якой няма ні знешняй, ні ўнутранай вайны. Каб эканоміка працавала яшчэ лепш, яшчэ больш. Каб у нас заробак апярэджваў рост коштаў на прадукцыю. І гэтак далей”.

Супернікаў у дэпутата поўны набор – і праўладныя, і апазіцыйны. Але, кажа, ён будзе весці барацьбу не з канкурэнтамі, а за галасы выбарнікаў. Што тычыцца нечаканасцяў і складанасцяў, то, па яго словах, іх хутчэй можа стварыць чалавек незнаёмы, прадстаўнік апазіцыі.

Уладзімір Здановіч:
“Самыя вопытныя дуэлянты прайгравалі ў першую чаргу вось такім навічкам, якія прыходзяць. Таму трэба ставіцца з павагай і прымаць сур’ёзна кожнага апанента на гэтых выбарах”.

Дэпутат Вольга Абрамава ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё прадэманстравала ўпэўненасць у сваіх сілах, спакой і загадкавасць. Найперш здзівіўшы тым, што яе пакуль абсалютна не цікавіць тое, хто будзе яе супернікам на выбарах.

Вольга Абрамава: “Я ўвогуле не цікавілася ні тым, колькі зараз кандыдатаў у кандыдаты па маёй акрузе, ні тым, адкуль яны. Усё гэта пакуль мяне не цікавіць. Гэта лішняя, непатрэбная інфармацыя”.

І заінтрыгавала абяцаннем сюрпрызаў сваім супернікам падчас выбараў. Незалежна ад таго -- праўладныя яны ці апазіцыйныя.

Вольга Абрамава: “Я не толькі палітык, але і паліттэхнолаг. Вы бачылі паліттэхнолага, які расказвае пра свае патэнцыйныя метады напярэдадні кампаніі? Гэта ж даваць казыры сваім канкурэнтам і апанентам. Навошта я буду рабіць бясплатныя падарункі?! Магу сказаць толькі тое, што ні адна мая кампанія ніколі не падобная на папярэднюю”.

Свае шанцы на перамогу дэпутат ацэньвае як вельмі вялікія, але і ў выпадку паразы, гаворыць, расстройвацца не будзе. Кажа, і акрамя парламента ёсць шмат месцаў для працы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі