За 5 гадоў на дэмакратызацыю Беларусі Захад даў амаль 700 мільёнаў долараў

“Прыкладна дзясятая частка гэтых грошай была выдаткавана на грамадзянскую супольнасць непасрэдна, — сцвярджае адзін з аўтараў аналізу донарскай дапамогі ЕС для Беларусі, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. — Тады як на дзяржаўныя ці калядзяржаўныя інстытуцыі каля 30 адсоткаў гэтых грошай пайшло”.





Астатнія грошы дзяржава і грамадзянская супольнасць з 2006 па 2011 гады асвойвала разам, сцвярджае Ягораў. Але нейкім дзіўным чынам.





Андрэй Ягораў: “Значная частка гэтых грошай (донарскай дапамогі Беларусі. — заўв. Еўрарадыё) аперуецца міжнароднымі інстытуцыямі, ідзе на пакрыццё выдаткаў саміх краінаў і інсітытуцыяў у краінах Еўрапейскага саюза, якія аперуюць гэтымі сродкамі для Беларусі”.





А ёсць яшчэ арганізацыі-пасярэднікі, праз якія праходзяць донарскія грошы на шляху да праектаў фінансавання.

Атрымліваецца, што большасць “беларускіх” грошай да Беларусі не даходзіць?!





Андрэй Ягораў: “Вельмі значная частка грошай не перасякае беларускую мяжу і ўвогуле не трапляе ў Беларусь. Да Беларусі ў лепшым выпадку 30% рэсурсаў даходзіць, якія непасрэдна ў Беларусі выкарыстоўваецца”.





Вось і атрымліваецца, што…





Андрэй Ягораў: “Беларуская дзяржава і міжнародныя пасярэднікі — вось яны атрымліваюць значную частку грошай. А вось беларуская апазіцыя і грамадзянская супольнасць атрымліваюць выразна меншую частку міжнародных рэсурсаў”.





Заявы з высокіх беларускіх трыбун наконт “шалёнага” фінансавання беларускай апазіцыі не маюць пад сабой падставаў, сцвярджае Ягораў.  





Хто канкрэтна і на якія праекты атрымліваў грошы ў Беларусі, з аналізу экспертаў Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі не відаць. Як і з тых еўрапейскіх дакументаў, з якімі яны працавалі. Затое з іх бачна, што на абарону правоў чалавека пасля 2010 года грошай донары пачалі выдаткоўваць… менш.





Андрэй Ягораў: “Частка гэтых сродкаў была перакінутая на падтрымку непасрэдна дэмакратычных інстытуцыяў. Сродкі гэтыя нібыта ёсць, але яны былі перакінутыя на іншую мэтавую аўдыторыю. І гэта дастаткова дзіўны факт”.





Здзіўляе яшчэ і тое, што калі былыя асноўныя донары “працэсаў дэмакратызацыі Беларусі” пасля 2010 года зменшылі сваё фінансаванне, то іншыя — павялічылі. Так, на змену Германіі і Польшчы прыйшла Швецыя. Але прынцып эстафеты тут ні пры чым.





Андрэй Ягораў: “Швецыя паслядоўна развівае дапамогу для грамадзянскай супольнасці. Пашыраючы як канал, па якім ідзе гэтая дапамога, — праз грамадзянскую супольнасць. А Германія арыентуецца на тыя рэчы, якія неабходна рабіць у мадэрнізацыі краіны і яе паступовай эвалюцыі — абраўшы для гэтага дзяржаўныя і празрыстыя каналы выдаткоўвання грошай”.





Але пасля Плошчы і рэакцыі на яе Захаду частку “каналаў” перакрылі беларускія ўлады, ад часткі адмовіліся самі немцы — вырашылі, што карыстацца імі немагчыма, бо неэтычна.





Звестак пра тое, колькі грошай Захад выдаткаваў на Беларусь летась, пакуль няма. Але, лічыць суразмоўца Еўрарадыё, найхутчэй мы пабачым рост пераразмеркавання: менш грошай дзяржаве і больш —  для грамадзянскай супольнасці. Колькі з іх так і не дайшло да Беларусі?