З-за Вольскага Хітрык і Зелянкоўская не спалі начамі

Днямі ў атмасферы поўнай сакрэтнасці закончыліся здымкі навагодняй казкі “Аднойчы ў Барахляндыі” паводле сцэнара лідэра N.R.M. Лявона Вольскага. Еўрарадыё сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці новага праекту вядомага рокера Як прызналася Еўрарадыё кіраўніца праекта Ганна Вольская, гэта не проста відэафільм, а замах на сур’ёзнае, хоць і казачнае, аўтарскае кіно. Ініцыятыва яго стварэння цалкам належыць Лявону і Ганне Вольскім, і дамовы на паказ ні з адной з тэлекампаній у стваральнікаў няма.

Ганна Вольская: “Пакуль дамовы на паказ ні з кім няма. І што будзе далей, я пакуль не магу сказаць. Калі будзе хаця б 70% мантажу, тады будзе і дамова, і ўсё астатняе. А пакуль гэта можна трактаваць як аўтарскі незалежны праект — як яно і ёсць на самой справе. Зараз ідзе працэс творчы, і я не хачу яго мяшаць ні з чым іншым. Ён вельмі цяжкі, было шмат зменаў начных, гэта такі замах на кіно, і таму гэта вельмі цяжка”.

Згодна са словамі Лявона Вольскага, ён ужо мае досвед напісання сцэнараў для невялікіх аматарскіх стужак, але брацца за вялікі фільм яму было страшна.

Лявон Вольскі: “Мы даўно здымалі паводле маіх сцэнараў стужкі, а тут вырашылі наблізіцца да прафесійнага відэа-арта. Было страшна-страшна! Зараз ужо практычна ўсё адзнята і мантуецца паціху. Гэта ўсё ў вельмі сціслыя тэрміны рабілася. Быццам бы атрымалася, паглядзім”.

Сюжэт фільма, прызнаецца Лявон, хоць і казачны, але пэўныя паралелі з сённяшнім днём правесці можна.

Лявон Вольскі: “Сюжэт не сатырычны, без такіх ужо алюзіяў на цяперашнюю рэчаіснасць, без дакладных паралеляў, але гэта прысутнічае, безумоўна. Казкі заўсёды адлюстроўваюць рэчаіснасць з большага. Пры жаданні можна знайсці шмат паралеляў. Але без парадыйнасці на рэчаіснасць нашу сённяшнюю. Такога няма, на жаль ці на шчасце”.

Паколькі праект аўтарскі і не замаўляўся адпачатку канкрэтным тэлеканалам, то і грошы на здымкі аўтары мусілі шукаць самі. Але, як адзначае Лявон, усе, да каго яны звярталіся, пагаджаліся працаваць за ідэю.

Лявон Вольскі: “У нас бюджэт нулявы практычна. Проста людзі пагаджаліся працаваць дзеля цікавасці да прадукту творчага. І чым вышэй майстар, тым меней меркантыльнасці ў такой сітуацыі. Таму не вельмі ўсё дорага каштавала”.

А майстроў для працы над фільмам Лявон і Ганна задзейнічалі сапраўды знаных. Рэжысёрам фільма стаў вядомы па працы над апошнімі кліпамі “Ляпіса Трубяцкога” Мацвей Сабураў. А галоўныя ролі выконвалі вядучыя акторы тэатра імя Янкі Купалы Алег Гарбуз, Ганна Хітрык, Святлана Зелянкоўская ды іншыя.

Дарэчы, менавіта Святлане Зелянкоўскай дасталася ў фільме роля каралевы краіны Барахляндыі. Паводле слоў акторкі, нягледзячы на вялікую занятасць, яна з задавальненнем пагадзілася папрацаваць у праекце Вольскіх. І сама прапанавала здымаць фільм уначы.

Святлана Зелянкоўская: “У мяне сапраўды шмат праектаў і рэпетыцыі ў тэатры, таму час знайсці вельмі цяжка. Але ад таго, што мне прапаноўваюць Лявон і Ганна, я ніколі не адмаўляюся, бо працаваць з імі заўсёды прыемна. Я сказала, што ў мяне адзіны час вольны — ноччу. А яны акурат і планавалі ноччу здымаць, бо ва ўсіх артыстаў адзіны вольны час — ноччу. Так і атрымалася”.

І хоць працаваць было лёгка і весела, кажа каралева Барахляндыі, пад раніцу стомленасць адчувалася.

Святлана Зелянкоўская: “Цяжка было пад раніцу. Але ўсё адно было весела, бо здымкі файныя і прыемныя. Творчая атмасфера вельмі добрая. Да таго ж, вакол усе сябры, Вольскі стараецца атмасферу зрабіць адпаведную — бо мы робім казку, а не проста працуем. І такое адчуванне было ўсю ноч, калі я здымалася”.

І калі ўначы ад сну актораў ратавалі жарты Лявона, то трымацца раніцай падчас іншай працы, кажа Святлана, было цяжэй. І тут ратавала іншае.

Святлана Зелянкоўская: “Ноччу мне яшчэ дапамагаў Red Bull, а пасля ўвесь дзень — у мяне яшчэ днём была агучка на нямецкай мове маёй ролі ў кіно, дзе я іграю немку, — гэта было вельмі смешна. Але калі побач каханы чалавек, тады і спаць не хочацца”.

Цяжка з гэтым не пагадзіцца. Тым больш, што каханы чалавек Святланы, імя якога мы называць не будзем, таксама вядомы сваімі здольнасцямі ствараць неспрыяльную для сну атмасферу. Што ж тычыцца казкі Вольскіх, то акторка мяркуе, што яна будзе цікавая і дзецям, і дарослым.

Святлана Зелянкоўская: “Яна будзе цікавая і для дарослых, і для маленькіх — яна такая шчырая! Хаця там і сатыры хапае, і фарсу, і ўсялякіх паралеляў ды прататыпаў. Але ўсё адно яна добрая — вось што мяне падкупіла адразу”.

Адзінае, кажа, шкада, што яна не такая доўгая, як таго хацелася б. На думку Святланы, у сцэнары столькі экспрэсіі, што фільм лёгка можна было працягнуць на некалькі серый. І пажадала паглядзець “Аднойчы ў Барахляндыі” як мага большай колькасці людзей.

Толькі менавіта з гэтым могуць узнікнуць праблемы. Паводле слоў Лявона Вольскага, калі фільм будзе зроблены, яны прапануюць адказным асобам паказаць яго ў кінатэатрах “Перамога” ці “Кастрычнік”, але спадзяванняў на станоўчы адказ няма. Як, дарэчы, і на тое, што яго ў бліжэйшы Новы год пакажуць па БТ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі