З усіх пацярпелых ад выбуху кампенсацыі атрымаюць толькі міліцыянеры

Паводле апошніх звестак, ад выбуху ў Дзень незалежнасці пацярпелі 47 прыватных асоб і 3 супрацоўнікі міліцыі. Як стала вядома Еўрарадыё, апошнія атрымаюць грашовую кампенсацыю сваёй фізічнай і маральнай шкоды. А вось у пацярпелых цывільных атрымаць хоць нейкую кампенсацыю спадзяванняў мала. Пра тое, што параненыя аскепкамі выбуховага прыстасавання міліцыянеры гарантавана атрымаюць пэўную грашовую кампенсацыю, Еўрарадыё паведаміў начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

Аляксандр Ластоўскі: “Ім кампенсацыя належыць. У залежнасці ад ступені цяжкасці і ўмоваў, у якіх тыя траўмы былі атрыманыя. Гэта прадугледжваецца Дысцыплінарным статутам”.

Што гэта будзе за сума, супрацоўнік ГУУС Мінгарваканкама не ўдакладніў. А на пытанне наконт магчымасці атрымання такіх жа кампенсацый звычайнымі грамадзянамі, якія таксама пацярпелі ад выбуху, адказаў, што вырашаць гэта пытанне не ў кампетэнцыі праваахоўных органаў.
Аляксандр Ластоўскі: “Я не магу вам зараз дакладна адказаць на гэта пытанне, але наколькі я ведаю, гэта пытанне не знаходзіцца ў межах кампетэнцыі міліцыі”.

Нічога наконт магчымай выплаты кампенсацый пацярпелым не здолела сказаць Еўрарадыё і кіраўніца прэс-службы Міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна.

Вольга Шульпіна:
“Гэта не ў маёй кампетэнцыі, і я на дадзены момант не валодаю ніякай інфармацыяй на гэты конт”.

Не валодаюць дастатковай кампетэнтнасцю для налічэння кампенсацый пацярпелым і ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўніца прэс-службы міністэрства Галіна Трафіменка. А кіраўніца юрыдычнай службы гэтага ж міністэрства Арына Савянчук патлумачыла, чаму людзям не выпадае асабліва спадзявацца на тую кампенсацыю.

Арына Савянчук:
“На момант, калі ў нас прымалі законт аб барацьбе з тэрарызмам, разглядалася пытанне аб выплаце такіх кампенсацый. Тады ж акурат была трагедыя на “Норд-Осце”. Але асобнага нарматыўнага дакумента на гэты конт так і не прынялі. Таму гэта будзе нейкім агульным парадкам вырашацца”.

Па словах юрыста, адзіныя, хто гарантавана атрымае кампенсацыю, гэта тыя людзі, якія былі застрхававаныя на няшчасны выпадак. Ім абумоўленую страхавым полісам суму выплацяць страхаўшчыкі. Тым, хто зараз знаходзіцца на “бальнічным”, выплацяць “бальнічныя”.

Сенатар Мікалай Чаргінец у размове з Еўрарадыё выказаў упэўненасць, што пэўныя сумы пацярпелым выплацяць па месцы працы альбо мясцовыя ўлады. Але юрыст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва паставіла такую магчымасць пад сумнеў. Асабліва, што тычыцца працадаўцаў.

Арына Савянчук:
“Вызначана ва ўсіх наймальнікаў калектыўнай дамовай, у якіх выпадках выплачваецца матэрыяльная дапамога. Звычайна, наймальнік бярэ на сябе абавязальніцтва аказваць матэрыяльную дапамогу ў дастаткова стандартных сітуацыях: смерці блізкіх і г.д. І я сумняюся, што ў наймальнікаў, з нагоды таго, што ў нас вельмі спакойная абстаноўка, маглі ўзнікнуць матывы, каб у свае калектыўныя дамовы ўнесці такія абавязальніцтвы. Таму па месцы працы гэта малаверагодна”.

Тое ж самае яна сказала і пра магчымасць нейкай дапамогі з боку мясцовых уладаў. Па ўмовах выплат адрасную сацыяльную дапамогу ім выдаць не маюць права. Таму разлічваць яны могуць толькі на тое, што чыноўнікі выканкамаў прымуць рашэнне выдаць ім пэўныя сумы з бюджэту. Калі такія “вольныя” грошы ў тым бюджэце будуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі