Вы тут

З пачатку года знешні дзярждоўг Беларусі зменшыўся толькі на $500 млн

На пагашэнне знешняга дзярждоўгу было выдаткавана больш за 567 мільёнаў долараў / Reuters

З пачатку 2020 года знешні дзяржаўны доўг Беларусі зменшыўся толькі на $500 млн ці на 2,9%. На 1 траўня ён складаў 16 мільярдаў 600 мільёнаў долараў ЗША, паведамляе прэс-служба Міністэрства фінансаў нашай краіны.

У студзені-красавіку сёлета былі прыцягнуты знешнія дзяржаўныя пазыкі на суму больш за 255 мільёнаў долараў. Найбольш з Расіі (ад ураду і банкаў) — $224,6 млн. У той жа перыяд на пагашэнне знешняга дзярждоўгу было выдаткавана больш за 567 мільёнаў долараў: 251,6 млн — ураду Расіі, 171,2 млн — банкам КНР і г. д.

За першыя чатыры месяцы года дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся на 5,3 млрд рублёў ці на 11,9% і на 1 траўня складаў 50,1 млрд рублёў. Што да ўнутранага дзярждоўгу, то ён складаў 9,6 млрд рублёў. За студзень-красавік павялічыўся на 0,8 млрд рублёў ці на 9,5%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.