“З кожным скарочаным чыноўнікам у нас асабіста размаўляў міністр”

“У нас гэта ўсё вырашалася на ўзроўні кіраўніка ведамства. Ён асабіста сустракаўся з кожным і размаўляў, прыкладаў усе намаганні, каб чалавек знайшоў новую працу”, — распавядаюць Еўрарадыё ў прэс-службе Міністэрства прамысловасці.

Згодна з указам кіраўніка краіны №168 ад 12 красавіка, колькасць чыноўнікаў павінна быць не толькі скарочаная, усіх скарочаных былое кіраўніцтва павінна… забяспечыць новай працай. Выплаціўшы пры гэтым трохмесячны заробак у якасці кампенсацыі.

У Мінпрамысловасці праблему вырашылі хутка і проста — скарочаных супрацоўнікаў уладкавалі пераважна ў падведамныя структуры.

Складаней з выкананнем прэзідэнцкага указа ў рэгіёнах. Кадравікі Гомельскага аблвыканкама расказваюць Еўрарадыё, што ўсяго пад скарачэнні ў іх трапіла ажно 613 чалавек. У асноўным — пенсіянераў. Непенсіянерам абяцаюць знайсці новыя месцы. Запэўніваюць у гэтым не вельмі аптымістычна.

“Працу ў нас усе знойдуць. Тым больш, што нехта са скарочаных быў пенсіянерам. Яны пайшлі на пенсію”.

Сярод новых месцаў працы былых гомельскіх функцыянераў — дзяржаўныя прадпрыемствы і нават школы.

Але больш за ўсё пра сваіх былых супрацоўнікаў клапоцяцца ў раённых адміністрацыях. Яно зразумела — штат супрацоўнікаў там куды меншы, а таму “прыстроіць” сваіх былых калег нашмат прасцей.

У райвыканкаме Шаркаўшчыны, напрыклад, скарацілі ўсяго 15 чалавек. Супрацоўніца выканкама Валянціна Клімза асабіста сочыць за лёсам кожнага. Расказвае, што цяпер у “падвешаным” стане толькі чацвёра. У выпадку патрэбы, іх гатовыя узяць на працу… назад у райвыканкам!

“Ну вы ж разумееце, што калі цяпер скарочаныя людзі вернуцца да нас на працу, то яны павінны вярнуць грошы. У нас такіх чатыры кандыдатуры. Вось, напрыклад, адна жанчына. Яна паехала ў Расію ўладкоўвацца да знаёмых, з мужам. Але калі там не атрымаецца, то мы дамовіліся што возьмем яе назад на працу. У аддзел культуры”.

Кампенсацыі, па раённых мерках, людзі атрымалі неблагія. “І па 14 мільёнаў было. У асноўным — па 10”, — кажуць у райвыканкаме, грошы налічвалі ў залежнасці ад заробку. На першы час хопіць.

Падчас размовы Валянціна гартае свае запісы — там пазначаны лёс кожнага. Проста мацярынскі клопат!

“У нас тут пакуль ніхто не боўтаецца. Толькі вось з упраўлення па сельскай гаспадарцы Сяргей Аляксандравіч… Але ён пакуль сказаў, што сам сабе пашукае. Калі не знойдзе, то будзе разглядаць наш варыянт. Усяго 15 чалавек мы скарацілі. З іх два сышлі ў адстаўку. Тры пенсіянеры было — сышлі на пенсію. Чатыры яшчэ не вызначыліся. А іншых перавялі на новыя месцы працы”.

Вось такія скарачэнні па-беларуску. З амаль мацярынскім клопатам пра лёс “былых служак” народа. Заходнім карпарацыям такое і не снілася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі