Вы тут

З Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях плануюць убраць каля 50 артыкулаў

pravo.by

Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) плануюць значна скараціць, каб дакумент стаў больш зразумелым як для правапрымяняльнікаў, так і для грамадзян. Пра гэта заявіла намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс, якая ўзначальвае міжведамасную экспертную камісію па падрыхтоўцы комплексных прапаноў па карэкціроўцы КаАП, перадае БЕЛТА.

Камісія правяла арганізацыйнае пасяджэнне, намеціла план працы. Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі да 24 студзеня збірае прапановы па зменах у КаАП, у тым ліку ад грамадзян. Плануецца, што да 1 сакавіка будзе падрыхтаваная канцэпцыя законапраектаў аб абнаўленні Адміністрацыйнага кодэкса і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. На 1 траўня вызначана падрыхтаваць самі праекты, а да 1 чэрвеня — выйсці на канкрэтныя вынікі.

Па словах Чупрыс, КаАП можа значна зменшыцца. "Калі ў агульным парадку перагледзець кодэкс, то, на першы погляд, каля 50 артыкулаў можа сысці з яго. Але гэта не значыць, што так будзе. Можа быць, іх будзе больш, можа, менш. Бо ўсе нормы звязаныя паміж сабой і з тымі правіламі, якія ўстаноўленыя", — паведаміла чыноўніца.

Мяркуецца паменшыць і колькасць органаў, якія маюць права складаць адміністрацыйныя пратаколы. На сёння іх 79. 

За хуткасць аплаты штрафаў могуць увесці зніжку. "Можа быць прадугледжаны наступны варыянт: калі штраф выплачваецца на месцы здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння або на працягу 10-15 дзён (гэта значыць, аператыўна), то памер штрафу можа зніжацца аж да 50%. І гэта вельмі добрая стымулюючая мера", — падзялілася планамі Чупрыс. Па яе словах, наяўныя грошы не будуць браць на месцы парушэння. Аплаціць штраф можна будзе, напрыклад, пры дапамозе інтэрнэт-банкінгу. 

Таксама прапануецца прыбраць ніжнюю мяжу адказнасці ў выглядзе штрафу. Напрыклад, бываюць выпадкі, калі само дзеянне не нясе ў сабе вялікай ступені грамадскай шкоднасці, а мінімальна магчымы штраф складае 10 базавых велічынь (з 1 студзеня гэта будзе 270 рублёў).

Чупрыс дадала, што кодэкс паспрабуюць абнавіць так, каб скараціць колькасць прадугледжаных у ім адміністрацыйных правапарушэнняў, а ўхіл быў не на карныя меры, а на прафілактыку. 

Плануецца абмеркаваць і тэрміны прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Яны могуць быць рознымі ў залежнасці ад відаў і розных груп правапарушэнняў. "Нават пад адно правапарушэнне, напрыклад, у галіне аўтарскага права, ўсталёўваюцца свае тэрміны. І вось тут узнікае пытанне, як іх прымяняць на практыцы. Асабліва калі справы пераглядаюцца неаднаразова, узнікае пытанне з тэрмінамі. Па падатковых справах наогул вялікія тэрміны. Гэта значыць, атрымліваецца, што чалавек жыве ў гэтым стане пакаранне пастаянна. Гэтага трэба пазбегнуць", — мяркуе чыноўніца.

Яна дадала, што ў цяперашнім варыянце кодэксы працуюць ужо больш за 10 гадоў. І хаця яны не дрэнныя, але жыццё не стаіць на месцы — змяняюцца адносіны, практыка, узнікаюць пытанні, якія патрабуюць урэгулявання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.