Вы тут

З Беларусі дэпартавалі вядомага расійскага нацыяналіста — палкоўніка Квачкова

Палкоўнік Уладзімір Квачкоў / кадр з відэа

З Беларусі дэпартавалі вядомага расійскага нацыяналіста — палкоўніка Уладзіміра Квачкова. Пра гэта ён сам распавёў у сваім звароце на Youtube-канале "Спецтелеканал".

Квачкоў прыехаў у Мінск на канферэнцыю "Русь — адзіная Айчына". Яна праходзіла 9-11 красавіка на базе Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

На канферэнцыі палкоўнік зрабіў два даклады — "Рускі хрысціянскі сацыялізм як дзяржаўная ідэалогія Вялікай, Малай і Белай Русі" і "Сістэма народнага прадстаўніцтва і волевыяўлення трыадзінага рускага народа і славян у цэлым у ХХІ стагоддзі". 

Але перад гэтым, адразу з аўтобуса, як ён кажа, Квачкоў наведаў Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і перадаў адкрыты ліст да яго. У гэтым лісце былі прапановы па змене выбарнай сістэмы ў Беларусі, каб потым з гэтага бралі прыклад Расія і Украіна. А праз 24 гадзіны пасля перадачы ліста Квачкова дэпартавалі з Беларусі.

У сваім лісце Квачкоў прапаноўвае стварыць для кіраўніцтва краінай Земскія Народныя Савету розных узроўняў. Кожны грамадзянін будзе абавязаны ўдзельніцчаць у кіраванні дзяржавай праз працу ў "першасных народных грамадска-палітычных і выбарчых арганізацыях: 1) па месцы жыхарства, 2) па месцы працы, 3) пад сваім імем у адпаведных дзяржаўных інфармацыйных сацыяльных сетках, створаных па зямельна-тэрытарыяльнай і прафесійна-працоўнай прыкметах і пастаянна працуючых у інтэрактыўным рэжыме". Таксама Квачкоў лічыць, што кожны дэпутат павінен ведаць усіх выбарцаў сваёй акругі, а кожны выбарца — свайго дэпутата, таму прапаноўвае шматступенную выбарчую сістэму. 

Палкоўнік Квачкоў вядомы сваімі нацыяналістычнымі поглядамі. У Расіі яго двойы судзілі — за спробу замаху на Анатоля Чубайса (апраўданы судом прысяжных) і за спробу мяцяжу. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.