З 1 жніўня ў Мінску на 5% патаннела мабільная сувязь

Стаўка мясцовага падатку на паслугі мабільнай сувязі зніжаная ў 2 разы: з 10 да 5%. Такія захады прадугледжаныя рашэннем Мінскага гарадскога савета дэпутатаў № 48, якое зараз знаходзіцца на дзяржаўнай рэгістрацыі. Пра тое, ці сапраўды мабільная сувязь патаннее, “Еўрарадыё” пацікавілася ў спецыяліста па сувязях з грамадскасцю кампаніі “МабільныяТэлеСістэмы” Дзмітрыя Станюты:

“Дзе будзе мець моц рашэнне адпаведнага савета дэпутатаў – на той тэрыторыі – натуральна, абсалютная сума знізіцца настолькі, наколькі ў адсотках будзе зніжаны падатак”.

Як падкрэсліў эксперт, абанентаў сотавай сувязі з іншых рэгіёнаў рашэнне Мінгарсавета не датычыцца: яны будуць плаціць падаткі ў памерах, вызначаных саветамі дэпутатаў на месцах. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці мясцовы падатак складае 5%, у Гомельскай – 7%.

Па Мінску ж мясцовы падатак зменшаны не толькі на мабільную сувязь, але і на паслугі рэстаранаў, бараў, кафэ, дыскатэк, а таксама на аказанне касметычных паслуг. Стаўка падатка ў 10% захоўваецца на паслугі, што аказваюць гасцініцы, кемпінгі, матэлі, боўлінгі, більярдныя клубы і салярыі.

Рашэнне прадугледжвае таксама, што турыстычныя паслугі, паслугі цырульняў і салонаў прыгажосці будуць увогуле выключаныя з аб’екта абкладання гэтым падаткам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі