Юрый Чавусаў: Выбух грамадскага бунту можа адбыцца спантанна

Еўрарадыё: З сённяшняга дня падаражэлі кошты на бензін. Плануецца правядзенне акцыі “Стоп-Бензін”. Пратэстныя настроі ў грамадстве растуць ці спадаюць?

Чавусаў: “Незадаволенасць уладай, незадаволенасць збядненнем насельніцтва павялічваецца. Але гатоўнасць да ўдзелу ў акцыя пратэсту не праяўляецца ў канкрэтных паводзінах людзей, у тым ліку па прычыне таго, што відавочныя прыклады людзей, якія выходзілі на Плошчу і атрымалі вялікія тэрміны зняволення. Да пратэстаў будзе далучацца насельніцтва, у тым ліку да пратэстаў, звязаных з падаражаннем бензіну, але гэта не будзе такая крытычная маса, якая прымусіць улады адкарэктаваць сваю палітыку”.

Еўрарадыё: Як бы вы ацанілі эфектыўнасць акцыі “Стоп-Бензін”?

Чавусаў: “Прымусіць улады не павялічваць кошты на паліва? Прабачце, ёсць натуральныя эканамічныя законы, па якіх паліва павінна каштаваць дорага, значна даражэй, чым яно каштуе цяпер. З іншага боку, гэта ініцыятыва, якая выражае інтарэсы аўтамабілістаў. Яна заслугоўвае павагі, бо гэта такая палітыка інтарэсаў, не палітыка, якая вынікае з ідэалагічных каштоўнасцяў, а палітыка інтарэсаў. На такой глебе палітычныя сілы і ствараюцца, і дзейнічаюць”.

Еўрарадыё: Актывісту з Салігорска улады адмовілі ў правядзенні двух мітынгаў. Гэта не першая адмова ў рэгіёнах. Чаму ўлады так упарта не дазваляюць акцыі пратэста па рэгіёнах?

Чавусаў: “Не дазваляюць вулічныя акцыі не толькі ў рэгіёнах, але ў Мінску таксама. Цяпер фактычна дзейнічае поўны мараторый на дазволеныя акцыі. Такім чынам нашыя праваахоўныя органы заганяюць праблему ў латэнтны стан. Гэта можа прывесці да таго, што выбух адбудзецца. І адбудзецца сапраўды спантанна. Напрыклад, падчас нейкага з афіцыйных святаў. Усе мы бачылі прыклад Чаушэску ў Румыніі, і да чаго гэта прывяло. Да такога стану можна давесці праблему і ў Беларусі, але, натуральна, спатрэбіцца час”.

Еўрарадыё: Чаму менавіта цяпер праваахоўнікі заняліся сацыяльнымі сеткамі?

Чавусаў: “Лукашэнка нарэшце звярнуў увагу на тую небяспеку, якую нясе для ягонай асабістай улады наяўнасць непадкантрольных сродкаў камунікацыі паміж людзьмі. Улады ведаюць, як змагацца з незалежнымі СМІ, а як змагацца проста з незалежнай камунікацыяй, без пасярэдніцтва медыяў, гэта для іх справа новая, загадкавая. Нічога, апроч арыштаў і затрыманняў, яны прыдумаць не могуць, а гэта толькі павялічвае ўвагу да тых суполак, тых групаў, якія такім чынам падпадаюць пад дзяржаўны прэс. Я не думаю, што тыя метады змагання з незалежным словам. якія выкарыстоўваюцца цяпер, будуць эфектыўныя. Тут улады дасягаюць адваротнага эфекту”.

Еўрарадыё: Але чаму менавіта цяпер?

Чавусаў: “Праблема набывае большую важнасць. Адпаведна больш кідаецца ў дзяржаўныя вочы і адпаведна дзяржава бачыць большую небяспеку для асабістай улады. І адпаведна выпрацоўваюцца нейкія захады, у нашым выпадку імітуюцца, па абмежаванні свабоды слова ў Інтэрнэце. Самым эфектыўным сродкам блакавання абмена інфармацыі ў Інтэрнэце будзе знішчэнне самога Інтэрнэта як такога. Звыклымі сродкамі 20 стагоддзя супраць свабоды слова ў 21 змагацца не атрымаецца”.

Еўрарадыё: Ці на сённяшні дзень сацыяльныя сеткі — гэта апошні рубеж абароны, на які адступілі актывісты грамадскіх арганізацый?

Чавусаў: Вялікае палітычнае значэнне сацыяльных сетак – гэта міф. Гэта толькі прызбы, лавачкі, дзе грамадзяне абмяркоўваюць палітычныя падзеі, эканамічныя рэчы. Калі б не было сацыяльных сеткаў, верагодна, што людзі абмяркоўвалі тое ж самае ў іншых месцах. Казаць пра нейкае якасна новае значэнне сацыяльных сетак для беларускай палітыкі не выпадае. Гэта сапраўды адзін з нешматлікіх асяродкаў свабоды слова. Але гэта справа індывідуальная, калі ты не хочаш у Інтэрнэце абмяркоўваць палітычныя навіны, ты можаш свабодна гойсаць па Інтэрнэце і ні слова не пабачыць пра Лукашэнку, пра эканамічныя праблемы, такое бывае. Большасць у інтэрнэце шукае забавы і гульні, а не магчымасці далучыцца да нейкай ініцыятывы пратэсту”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі