Вы тут

Юрыст штаба Бабарыкі Ілля Салей перастае лічыцца палітвязнем

Ілля Салей вясной 2021-га / @viktarbabarykaofficial

З 16 красавіка Іллі Салею, юрысту штаба Віктара Бабарыкі, змянілі меру стрымання з хатняга арышту на заклад, паведамляе тг-канал @viktarbabarykaofficial. Салей застаецца ў статусе абвінавачанага і абавязаны з'яўляцца па выкліку следчых органаў і суда. Аднак ён ужо цяпер можа свабодна перасоўвацца па Беларусі і працаваць.

Такім чынам, Ілля Салей перастае лічыцца палітвязнем з-за змены меры стрымання, піша тг-канал @viasna96.

Салей быў затрыманы яшчэ ў верасні 2020-га, тады ж быў прызнаны палітзняволеным. Яму, як і Марыі Калеснікавай, Максіму Знаку, інкрымінуюць "дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне і прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі". У кастрычніку мінулага года Салей быў накіраваны пад хатні арышт. Ён знаходзіўся ў сваёй кватэры, мог бачыцца толькі са сваім адвакатам, які прыносіў яму прадукты і выносіў смецце.

Ілля Салей і Марыя Калеснікава вясной 2020-га / @viktarbabarykaofficial

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.