Юра Дземідовіч выступіць з The Prodigy, калі тыя яго не напалохаюць

БТ не супраць удзелу Юры Дземідовіча ў адным канцэрце з The Prodigy. Але мастацкі кіраўнік “чароўнага кроліка” непакоіцца, ці не будуць імідж і песні замежных панкаў бянтэжыць хлопчыка На сайце арганізатараў канцэрта The Prodigy ў Мінску пазначана, што ў канцэрце возьме ўдзел “чароўны кролік” Юра Дземідовіч. Між тым, пасля перамогі ў фінале адборачнага конкурсу на ўдзел у дзіцячым “Еўрабачанні” хлопчык падпісаў дамову з Белдзяржтэлерадыёкампаніяй. І цяпер Юра мусіць усе свае дзеянні ўзгадняць з БТ. Нават калі гаворка ідзе пра звычайнае інтэрв’ю.

Еўрарадыё даведалася, ці не паспяшаліся арганізатары запісваць “чароўнага кроліка” ў афішу канцэрта The Prodigy.

Як паведаміла Еўрарадыё намесніца дырэктара рэкламна-канцэртнага агенцтва “Ультразвук”  Марына Калеснікава, зараз яны рыхтуюць запыт на БТ, каб атрымаць дазвол на ўдзел Юры ў канцэрце.

Марына Калеснікава:
“Пакуль у нас з удзелам Юры ўсё ў парадку. Проста нам трэба будзе заключыць дадатковую дамову з тэлебачаннем”.

Неабходныя паперы, паводле яе словаў, ужо рыхтуюцца і хутка будуць дасланыя кіраўніцтву БТ.

Між тым кіраўніца прэс-службы Белдзяржтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская вельмі здзівілася таму, што арганізатары занеслі “чароўнага кроліка” ў афішу. І нават пазначылі дакладны час яго выступу — 19.20.

Святлана Смалонская-Краскоўская: “На прэс-канферэнцыі, якая ў нас прайшла 11 верасня, адразу пасля перамогі Юры ў фінале конкурсу, сам Юра і яго кіраўнік Уладзімір Глушакоў заявілі, што яны на дадзеным этапе разглядаюць магчымасць удзелу ў гэтай акцыі. Такім чынам, яшчэ самім Дземідовічам, яго кіраўніцтвам і, адпаведна, бацькамі — улічваючы, што гэта непаўналетні выканаўца — разглядаецца магчымасць. Юра сам так і сказаў: “Мы яшчэ думаем — будзем мы ўдзельнічаць альбо не”.

Што ж тычыцца пазіцыі БТ, то, згодна са словамі кіраўніцы прэс-службы, тэлекампанія не будзе перашкаджаць выступу “чароўнага кроліка” побач з The Prodigy.

Святлана Смалонская-Краскоўская: “Калі нам прыйдзе нейкі ліст, заява, пагадненне — яно будзе разгледжана. Не бачым аніякіх прычын для таго, каб ставіць нейкія перашкоды. Але ўсё залежыць у першую чаргу ад самога выканаўцы”.

Аднак, як стала вядома Еўрарадыё, арганізатары канцэрта The Prodigy пакуль нават не вялі сур’ёзных перамоў з прадстаўнікамі Юры Дземідовіча аб ягоным удзеле ў фэсце. Пра гэта расказаў мастацкі кіраўнік хлопчыка Ўладзімір Глушакоў.

Уладзімір Глушакоў: “Мы пакуль яшчэ ніякіх перамоў не вялі. Пакуль тут абмеркаванняў больш, чым саміх перамоў. Гэты фестываль — я пакуль не ведаю, з чаго складаецца, не знаёмы з праграмай фестывалю, яго ўдзельнікамі, не знаёмы з тымі кампазіцыямі, якія там прагучаць. Мы яшчэ ні разу не сустракаліся з арганізатарамі. Я сёння толькі першы раз пайду ў офіс, мы зазірнем адзін адному ў вочы і ўсё будзем абмяркоўваць”.

Апроч таго, кажа Ўладзімір Глушакоў, ім трэба вельмі ўважліва вывучыць падпісаную з БТ дамову. Каб не парушыць ніводнага яе пункту. Асабліва таго, дзе прапісана, што “чароўнага кроліка” нішто не павінна бянтэжыць — як у саміх прапановах, што да яго прыходзяць, так і ў астатніх удзельніках канцэртаў, дзе яму прапануюць выступіць. А таксама ў іх іміджы альбо рэпертуары.

Уладзімір Глушакоў: “Там ёсць такі пункт ва ўставе, што ўдзельніка "Еўрабачання" не павінна нічога бянтэжыць. Не тое, што палохаць альбо перашкаджаць, але нават бянтэжыць. І самому дзіцяці павінна падабацца тое, што яму прапаноўваюць, — а не навязваць. Таму рашэнне будзе прымацца з улікам перш за ўсё таго, ці падабаецца гэта самому ўдзельніку. Мой пункт гледжання такі: калі хлопчык скажа “не” — значыцца, не. І тут ніякага абмеркавання не будзе”.

Вось толькі як ставіцца “чароўны кролік” да The Prodigy, іх песняў і іміджу, ці не будзе ўсё гэта бянтэжыць Юру — яго мастацкі кіраўнік не ведае. Кажа, апошнім часам яны былі так занятыя, што проста не было магчымасці пагаварыць на гэтыя тэмы. Між тым, сваімі любімымі спевакамі хлопчык называе Павароці і Каруза, а любімымі кнігамі — “Майстра і Маргарыту” ды Біблію. The Prodigy ў гэтым спісе выглядаюць не дужа дарэчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі