Юля Несцярэнка збіраецца паўдзельнічаць у пекінскай Алімпіядзе-2008

Нягледзячы на чуткі, нашы вядучыя спартоўцы Юля Несцярэнка і Ігар Макараў збіраюцца патрапіць на Алімпійскія гульні 2008 года. А вось Івана Іванкова і, хутчэй за ўсё, Наталлю Харанэка наша алімпійская зборная не далічыцца. Да Алімпійскіх гульняў 2008 года ў Пекіне засталося крыху менш за год. Але гэта не падстава для таго, каб расслабляцца. Асабліва ўлічваючы тое, што патрапіць на іх змогуць толькі тыя спартоўцы, якія загадзя паклапоцяцца і забяспечаць сябе алімпійскай ліцэнзіяй. "Еўрапейскае радыё для Беларусі" вырашыла даведацца, хто з вядомых беларускіх спартоўцаў, якія ў мінулым папоўнілі айчынную скарбонку з алімпійскімі медалямі, не зможа па якіхсьці прычынах узяць удзел у пекінскай алімпіядзе.

Упэўнена заявіў аб сваім сыходзе з вялікага спорту неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы гімнаст Іван Іванкоў. У інтэрв’ю Еўрарадыё галоўнай прычынай сваёй “адстаўкі” Іван назваў траўмы спіны.

Іван Іванкоў: “Па стане здароўя я прыняў рашэнне завершыць заняткі прафесійнай гімнастыкай. Гэта звязана з траўмай спіны, якая мяне бесперапынна турбуе”.

Але гэта не азначае, што гімнаст канчаткова развітаецца са спортам. Іванкову прапанавалі ўзначаліць зборную краіны па гімнастыцы. Прыняць прапанову Івану пакуль перашкаджаюць два галоўныя моманты. Па-першае, у зборнай ёсць трэнер, з якім яна рыхтуецца да чэмпіянату свету, а па-другое, яго не задавальняюць фінансавыя ўмовы.

Іван Іванкоў: “Ад старту зборнай на чэмпіянаце свету будзе шмат залежаць. Калі ён пройдзе паспяхова, то каманда тым жа складам завершыць цыкл. А ўжо пасля Алімпійскіх гульняў будзе ўздымацца пытанне, як жыць далей. Другі момант – фінансавы. Пакуль усё, што было прапанавана, мяне не задавальняе”.

Пакуль жа Іван трэніруецца толькі для падтрымкі фізічнай формы і спрабуе пазбавіцца наступстваў былой траўмы.

З’явіліся чуткі пра магчымы сыход з вялікага спорту і чэмпіёна па дзюдо Алімпіяды-2004 у Афінах Ігара Макарава. Але, як высветлілася падчас гутаркі з трэнерам спартоўца Уладзімірам Асіным, яны не адпавядаюць рэчаіснасці.

Уладзімір Асін
: “Мы збіраемся ўдзельнічаць паўсюль. Рыхтуемся і да чэмпіянату свету, і да Алімпіяды”.

Запэўніў трэнер карэспандэнта Еўрарадыё і ў тым, што Ігар паспее паўдзельнічаць у розных спаборніцтвах, дзе можна зарабіць неабходныя для атрымання алімпійскай ліцэнзіі ачкі.

Уладзімір Асін
: “Усё пачынаецца з чэмпіянату свету. У нас шасцёрка на “свеце”, а гэта ўжо ліцэнзія. Гэта, канешне, ідэальны варыянт – зарабіць на “свеце” ў верасні ліцэнзію і спакойна год займацца падрыхтоўкай да Алімпіяды”

Ігар трэніруецца ў спартовай зале Гомельскага абласнога цэнтра “Дынама”. Пэўны час таму ён таксама атрымаў траўму, але ўжо здолеў амаль цалкам аднавіцца.

Уладзімір Асін: “У нас пасля траўмы быў базавы перыяд. Зараз мы па магчымасці фарсіруем падрыхтоўку. І ўсё ідзе ў поўным аб’ёме”.

Мужу і трэнеру алімпійскай чэмпіёнкі па лёгкай атлетыцы той жа Алімпіяды ў Афінах 2004 года Юлі Несцярэнкі Дзмітрыю карэспандэнт Еўрарадыё дазваніўся 21 жніўня. Сям’я была на адпачынку за мяжой. Дзмітры катэгарычна заявіў, што Юля абавязкова возме ўдзел у чарговай Алімпіядзе.

Дзмітры Несцярэнка: “Канешне збіраецца, калі пройдзе адбор”.

А на тое, каб зарабіць алімпійскую ліцэнзію, на думку трэнера, у яе яшчэ дастаткова часу.

Дзмітры Несцярэнка: “У наступным годзе ў яе будзе час, каб зарабіць ліцэнзію. Усе адборы будуць праходзіць узімку і ўвесну”.

Не ўдалося Еўрарадыё ўдакладніць планы на будучую Алімпіяду ў вядомай беларускай штурхальніцы ядра Наталлі Харанэка. Не так даўно Наталля выйшла замуж і зараз чакае нараджэння дзіцяці. Таму на тэлефанаванні не адказвае. Але ўлічваючы будучае мацярынства, спадзяванняў на тое, што спартоўка пасля родаў паспее падрыхтавацца да спаборніцтваў, мала. Прынамсі, зарабіць сабе алімпійскую ліцэнзію яна наўрад ці паспее.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі