Ю. Беленькі: Немагчыма забараніць ушаноўваць продкаў пад сваімі сцягамі

У нядзелю ў Мінску прайшло шэсце і мітынг з нагоды Дзядоў. Акцыі дазволілі гарадскія ўлады і яны прайшлі без асаблівых эксцэсаў. У іх узялі ўдзел больш за тысячу чалавек. “Еўрарадыё” папрасіла пракаментаваць праведзеныя акцыі аднаго з лідэраў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ Юрася Беленькага: - Як прайшло ўшанаванне?

Ю. Беленькі: - Так, як належыць. Шмат светлых твараў, сёлета выключна шмат маладых, былі бел-чырвона-белыя сцягі, плакаты “Памятаем пра ахвяры расейскага тэрору”, “1937 - 2007”, “Ніякага саюзу з імпэрскай Расеяй”, "Камунізм пад трыбунал".

ДАІшнікі спрабавалі чыніць дробныя перашкоды: загнаць у цесныя пераходы, да прыкладу. Але я папрасіў гэтага не рабіць, бо гэта магло скончыцца новай Нямігай.

- У сераду ўсталявалі адрэстаўраваны Крыж пакутаў, сёння вы прынеслі ў Курапаты яшчэ 20 крыжоў. Але скажыце, у вас няма інфармацыі, хто там так упарта нішчыць крыжы, памятныя знакі?

Ю. Беленькі: - Мы іх ні разу не злавілі, на справу яны выходзяць уначы. І праваахоўныя органы, якія цвердзяць, што нясуць вахты ў Курапатах, таксама нікога не злавілі. Падазраю, што за гэтым нешта іншае хаваецца.

- Спадар Юрась, а як вы тлумачыце той факт, што на Дзяды ўлады закрываюць вочы на бел-чырвона-белыя сцягі і палітычныя плакаты, а ў іншыя дні арыштоўваюць і караюць за тое ж самае нават крымінальна?

Ю. Беленькі:
- Я думаю, тут ёсць нейкі духовы аспект. Гэтае свята мае свае правы. Немагчыма, цяжка змагацца з людзьмі, якія пад сваімі сцягамі ідуць памянуць сваіх продкаў. Тут нічога зрабіць нельга, можна толькі дробныя паскудствы чыніць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі