"Ён з Ангарскай, металіст": Міхалок запісаў відэа пра Руслана Уладыку

Апошні канцэрт "Ляпіса Трубяцкога" ў Вільні 23 жніўня 2014 года / Еўрарадыё
Апошні канцэрт "Ляпіса Трубяцкога" ў Вільні 23 жніўня 2014 года / Еўрарадыё

Сяргей Міхалок запісаў 20-хвіліннае відэа, на якім звяртаецца да тысячы "плакальшчыкаў і паніхідных лічбавых рабят" і распавядае, якім на самой справе быў нябожчык гітарыст "Ляпіса Трубяцкога" Руслан Пан Уладыка — ён памёр 19 студзеня.

Міхалок успамінае мноства сумесных гісторый з Русланам і кажа пра яго, як пра свайго сябра — адоранага музыку, які не толькі іграў на гітары, але і быў "фестывальным баяністам" а таксама "валодаў унікальнымі ведамі па сальфеджыа".

Першы канцэрт "Ляпісаў", кажа Міхалок, прайшоў у ДК пасёлка Прывольны, дзе дырэктарам працаваў бацька Руслана Уладыкі Пётр Пятровіч. У якасці практыкантаў у ДК уладкаваліся вядомы цяпер рэпер Сіроп (ён арганізоўваў відэа-салон) і Руслан (выкладаў баян, гітару і сальфеджыа). Дзякуючы такім сувязям там рэпетыраваў і "Ляпіс Трубяцкой".

"Мы ігралі тады сваю першую праграму — "Трэцяя сусветная вайна" яна называлася, — кажа лідар "Ляпісаў". — Там песні, вы разумееце,"Грэня Фамін","Буфетчыца Ася","Кулак" і, вядома, адыёзная, жорсткая песня пад назвай "Ананіст", вельмі правакацыйная. І мы ўсё гэта вывалілі ў перапоўненым ДК Прывольны і ігралі гэтую праграму з іракезамі, з клёпками ... Мы выступаем, валім там, крыўляемся, але ўжо зразумела было, і Пан многіх мясцовых ведаў — яны паддатыя прыйшлі. А пасёлак Прывольны гэта такі працяг Партызанскага. І там было вельмі многа хуліганаў, якія ездзілі ў Мінск на дыскатэкі МАЗа, на кінатэатр "Дружба" ў Чыжоўку, увогуле, біліся. І яны былі трошкі абураныя — таму што бабулі сябе крыху адчувалі няёмка. І мы разумелі, што зараз нас будуць п*дзіць. І ў нейкую долю секунды Пан кажа: "Серы, давайце "Таксі" спяваць, ты ж ведаеш", і мы пачалі спяваць "Таксі". І я барадзіў у куплеце адсябеціну, смяшыў людзей, бабуль, ну проста нешта размаўляў, рэпаваў, а прыпеў Come Together. І мы раз восем гэта "Зялёнавокае таксі" праспявалі і сталі багамі ў гэтым Прывольным. Пілі дня тры напэўна, з гэтага пасёлку не маглі выбрацца. Такая практыка была, прышпільная".

Па словах Міхалка, у Руслана Уладыкі было некалькі жарсцяў — гітары, зброя і авіяцыя:

"У яго дома быў сімулятар, і ён у анлайне лётаў з Мінску ва Уладзівасток. Наташа — жонка, як сцюардэса, заносіла, стукалася, пэўна: "Капітан, дазвольце" — гэта мы так з пацанамі іранізавалі, трошкі падкалвалі яго. Ён дасканала ўсё ведаў. Ён па гуку любы самалёт мог адрозніць. Проста па гуку. Ён дасканальна ведаў, як выглядае грамадзянскі аэрапорт, ваенныя самалёты, усе маркі — калі хто вырабляў. І ў яго мара была, напэўна, калі-небудзь мець свой уласны самалёт і лётаць.. Я упэўнены, калі б яго пасадзіць за руль авіялайнера, можна было спакойна ляцець і не хвалявацца ... Ён увесь час кудысьці ляцеў, і мы ведалі, што нельга Пана чапаць. Крылаты, акрылены хлопец ".

Міхалок кажа, што яму не вельмі падабаецца, што пра Руслана некаторыя людзі кажуць як ціхага і сціплага чалавека.

"Ён з Ангарскай, металіст, круты мужык і спрачацца вельмі любіў", — настойвае лідар "Ляпісаў". — Пакіньце яго ў спакоі... Слухайце яго музыку.., распавядайце пра яго гісторыі і байкі .., але прыбярыце ўсе гэтыя сентыментальныя мімімі, таму што гэта ганьбіць крутога і сур'ёзнага музыканта і мужыка".

Руслан Уладыка быў збіты невядомымі каля аднаго з мінскіх бараў у чэрвені 2019 года. Яму было зроблена некалькі аперацый, восем месяцаў ён праляжаў у коме. Музыка памёр 19 студзеня 2020 года не прыходзячы ў прытомнасць. У гэтыя дні працягваецца суд над людзьмі, якія напалі на музыканта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі