Ёланда: Я бегла не таму, што злачынца, а бо хацела быць свабоднай і шчаслівай

Тысячы кубінцаў штогод спрабуюць пераплыць Фларыдскі праліў і збегчы з дыктатарскай Кубы ў бліжэйшую кропку ад вострава – Маямі. Па неафіцыйных звестках больш за 70 тысяч чалавек загінула ў спробах патрапіць у Злучаныя Штаты.
У 1995 годзе Куба заключыла дамову з ЗША, што тыя будуць выдаваць кубінцам 20 тысяч візаў у год. Сёння дамова ўжо не дзейнічае. Цяпер тут іншыя законы. За спробу пабегу можна патрапіць у турму на 3 гады. Калі бежанец (іх тут называюць balseras) паспеў ступіць на амерыканскую зямлю, яго прымаюць. Калі ж ахова заўважыла кубінца хаця б за некалькі метраў да берага ў вадзе, небараку вяртаюць на радзіму.

У 57 краінах свету ёсць кубінскія дыяспары. Кубінцы бягуць нават у Мексіку і Гаіці – адну з самых бедных краінаў свету.

Сённяшняя відавочца тыдня на Еўрарадыё – кубінка Ёланда Гарсія Санчас, якая двойчы спрабавала збегчы на лодцы ў ЗША.

- Ёланда, раскажыце, калі ласка, як вы збягалі першы раз?


- Першы раз я спрабавала збегчы ў 2000 годзе. Нас пратрымалі ў амерыканскай лодцы адзін тыдзень. Калі амерыканцы ловяць кубінцаў, што спрабуюць збегчы, яны саджаюць бежанцаў у свае лодкі і трымаюць там. Мяне пратрымалі тыдзень, а потым адправілі зноў на Кубу.

- Колькі вас было ўсяго?

- Нас было 11 чалавек. Я была адзінай жанчынай сярод іх. Мы выплылі з Гаваны.

- На чым вы пераплывалі заліў?

- У нас была драўляная лодка са спецыяльным пакрыццём, каб вада не залівалася ў лодку. Мы спецыяльна купілі яе для пабегу. Мы проста вырашылі, у які дзень будзем збягаць. Я ведала гэтых дзесяцерых людзей. Кожны з іх прыехаў у тую ноч з розных месцаў на пляж.

- Гэта было ноччу?

- Так. Аб адзінаццатай уначы. Было вельмі цёмна. Нам было вельмі цяжка адплыць. Таму што ў вадзе было шмат камянёў ды яшчэ і хвалі моцныя ўздымаліся. Мы ўзялі з сабою ежу і ваду. І вядома ж, мы маўчалі, бо мы збягалі.

- Колькі часу, вы думалі, у вас зойме ўвесь пабег?

- Мы спадзяваліся дабрацца да берага ноччу наступнага дня.

- І што здарылася потым?

- За дваццаць міляў да амерыканскай зямлі нас злавілі. Так што, калі нас узялі, мы былі ўжо ў амерыканскай вадзе. Гэта было прыкладна 60 міляў ад Кубы. Гэта быў першы раз, калі мы спрабавалі ўцячы.

- Вы ведалі, што вы будзеце рабіць у Амерыцы?

- Так, працаваць і спрабаваць быць свабоднай і незалежнай.



***


- Адкуль вы спрабавалі збегчы другі раз?


- Другі раз мы спрабавалі збегчы з месца пад назвай Пінар дэль Рыо на лодцы, якая выглядала так, як і папярэдняя.

- Колькі людзей было на гэты раз?

- Таксама 11. Гэта было ў снежні 2003 года. А першы раз мы збягалі 29 снежня – у мой Дзень народзінаў. Я спадзявалася сустрэць свой дзень нараджэння ў Амерыцы.

- Гэтым разам вы таксама беглі з пляжу?

- Так, з пляжу Кахіо. Таксама ноччу. Гэтая лодка была з маторам. І ў нас узніклі праблемы з ім. Тады нас заўважылі. І прыслалі да нас не берагавую ахову, а звычайных людзей з пляжу на ладцы. Іх, канечне, падаслалі спецыяльна, але выглядала, быццам гэта звычайныя мірныя людзі размаўляюць з намі. А потым падплыў катамаран з аховай у форме і сабакамі.

- Яны вам пагражалі?


- Людзі з аховы дасталі зброі і пачалі нам пагражаць. І мы пачалі крычаць, што ў нас у лодцы жанчына. А я была там адзінай жанчынай. Потым прыплылі яшчэ дзве лодкі.

- І што гэтыя ўсе лодкі там рабілі?

- Так атрымалася, што катамаран стаяў побач, а дзве лодкі сталі вакол нашай і пачалі яе хістаць так, каб мы патанулі. Іхнія лодкі нават сутыкаліся адна з адной. І ўсё для таго, каб мы патанулі.

- Што вы адчувалі ў гэты момант?


- Мы былі ў лодцы, і нам было вельмі страшна. Мы пачалі прасіць іх, каб яны спыніліся. І пасля таго, як у іх не атрымалася нас патапіць, яны паплылі назад. І, у прынцыпе, мы маглі працягваць плыць. Але ў нас быў пашкоджаны матор, выцякала паліва. Таму мы вырашылі вярнуцца да бліжэйшага берага.

- Што адбылося далей, калі вы вярнуліся на бераг?

- Было цёмна. І ахова ў ваеннай форме шукала нас з ліхтарыкамі. Гэта былі тыя ж самыя людзі, якія спрабавалі нас патапіць. Яны знайшлі нас на пляжы. Нас адвезлі ў паліцыю. І мяне пратрымалі там тыдзень.




***

- Якія пытанні вам задавалі ў турме?

- Мне задавалі шмат пытанняў наконт таго, дзе мы ўзялі лодку, дзе купілі паліва... Нас прымусілі падпісаць дакумент, што мы ніколі больш не будзем спрабаваць збегчы. Я падпісала, таму што мусіла гэта зрабіць. Аднак сказала ім, што ўсё роўна буду спрабаваць.

- А як там з вамі абыходзіліся?

- Са мной там дрэнна абыходзіліся. Адзін чалавек (не памятаю яго імя) лаяўся на мяне брыдкімі словамі. Я сказала, што спрабавала збегчы не таму што я злачынца нейкі. Я не забіла нікога. Я проста хацела быць свабоднай і шчаслівай.

- Хто яшчэ быў з вамі ў камеры?

- Са мной у камеры было шмат людзей, якіх арыштавалі за тое ж самае – спробу пабегу. Нас адпускалі паступова, аднаго за адным, каб мы не стварылі групоўкі за межамі турмы ці за межамі горада. Каб у дзяржавы з-за нас не было ніякіх праблемаў. Так, мяне адвезлі дадому.

- А вы ведалі каго-небудзь з гэтых людзей?

- Я ведала іх мала. Тыя, каго я ведала найлепш, спрабавалі збегчы яшчэ раз. І ў іх атрымалася. Зараз яны жывуць у ЗША.

- Я так разумею, вам цяпер цяжка знайсці працу. За што вы жывяце?

- Я не працую. У мяне ёсць свіннні. Купляю рэчы, потым прадаю іх. Што заўгодна. Але не краду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі