Язэпу Янушкевічу споўнілася 50 год

7 сакавіка споўнілася 50 год літаратуразнаўцу і архівісту, археографу і перакладчыку, кандыдату філалагічных навук Язэпу Янушкевічу.

Янушкевіч даследуе гісторыю беларускай літаратуры і культуры XIX—XX стст. Ён даследаваў спадчыну Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Паўлюка Багрыма, Францішка Багушэвіча, Міхала Галубовіча, Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Караткевіча, Адама Кікоры, Вацлава Ластоўскага і Паўліны Мядзёлкі.

Упершыню апублікаваў арыгінал "Пінскай шляхты" Дуніна-Марцінкевіча, "Лісты з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага і дзённікі Ўладзіміра Караткевіча. З 1999 па 2007 гг. быў намеснікам старшыні археаграфічнай камісіі Камітэта па архівах і справаводству пры Радзе міністраў Беларусі. З 1996 па 2006 гг. быў загадчыкам аддзелу Беларускага НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы.

У 2007 г. звольнены з інстытута ў сувязі з заканчэннем тэрміна кантракту. Навуковец лічыць, што звальненне выклікана "празмерным" захапленнем спадчынай Дуніна-Марцінкевіча і іншых вядомых беларускіх літаратараў.

Цяпер Янушкевіч працуе над навукова-мастацкім творам "Зямля кенатафаў".

Кандыдат гістарычных навук Кастусь Цвірка выказаў падзяку Янушкевічу за ўдзел у падрыхтоўцы шматлікіх тамоў "залатой" серыі "Беларускі кнігазбор".

Паводле сябра юбіляра, пісьменніка Ўладзіміра Някляева, сын Язэпа Янушкевіча і Марылі-Ірэны з роду Грыбоўскіх, Язэп Янушкевіч з'яўляецца "сучасным прадстаўніком ракаўскай шляхты, якая ніколі не жыла абы-як, а тым больш нічога абы-як не рабіла". Таму яго працы і кнігі адрозніваюцца "грунтоўнасцю, мастацкай якасцю, захапляльнасцю і неспатольнай, апантанай цікавасцю".

"Ён любіць здзіўляць і захапляцца. З ім добра сябраваць — ён светлы, адкрыты. Моцны — валуны цягае гуляючы. Яго неверагодная працаздольнасць — найпершы чыннік, па якой праўдамі і няпраўдамі імкнуліся пазбавіцца ад яго ва ўстановах, дзе Язэп служыў. Ён запрагаўся і адзін цягнуў такі ж, калі не большы, воз, як усё астатнія. А на пытанне "табе што, больш за усіх трэба?" адказваў: "больш". Гэта не што-небудзь, а характар сучаснага навукоўца, чалавека і беларуса", — падкрэсліў Някляеў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі