Яйкам па гаішніках: водгукі пра ветэрынара-бунтара, які атрымаў 2 гады "хіміі"
![Ветэрынар Рыгор Чагадаеў / Еўрарадыё](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/imgonline-com-ua-frame-blurred-wcclgnkulwl4.jpg.webp?itok=bezzTwdH)
Ветэрынар Рыгор Чагадаеў / Еўрарадыё
4 кастрычніка суд Першамайскага раёна Мінска прысудзіў мінскага ветэрынара Рыгора Чагадаева да двух гадоў "хатняй хіміі" за... кінутае ў машыну ДАІ яйка.
![Яйцом по гаишникам: отзывы о ветеринаре-бунтаре, получившем 2 года “химии”](/sites/default/files/paragraphs/image/skrinshotchagaod.jpg)
11 жніўня 2020 года беларусы масава пратэставалі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Як растлумачыў у судзе сам Рыгор, праз пратэсты ў Мінску ён быў "на ўзводзе". Праязджаючы міма машыны ДАІ, мужчына спыніўся, прачыніў акно і кінуў у аўтамабіль ДПС курынае яйка, пасля чаго паехаў далей. Пазней ён раскаяўся, аднак яго прызналі вінаватым па артыкуле 364 КК РБ — "Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў".
— У той момант я не ведаў, што стукнула аб капот, і было страшна, ці будуць нейкія далейшыя дзеянні на адрас супрацоўнікаў ДАІ, — расказаў на судзе інспектар ДПС, які знаходзіўся ў машыне. — А ў сувязі з тым, якая абстаноўка была ў Мінску, можна было чакаць чаго хочаш. Пасля гэтага страшна было знаходзіцца на маршрутах патрулявання, перажываў.
"Многія не бяруцца за такую працу"
![Яйцом по гаишникам: отзывы о ветеринаре-бунтаре, получившем 2 года “химии”](/sites/default/files/styles/round_photo/public/paragraphs/round_photo/keeekekeekkekekeek.jpg.webp?itok=JLcMo2wY)
— Рыгор рабіў аперацыю шчанюку, якога мы знайшлі на дарозе. У Лукаса — так потым назвалі шчанюка — быў перабіты таз, іншыя лекары нават брацца не хацелі, — расказвае Еўрарадыё Паліна Лубнеўская. — А ён не проста цудоўна зрабіў аперацыю, але і зрабіў вялікую зніжку на працу, бо малы быў бяздомны. Лукас цяпер адчувае сябе лепш за ўсіх. Бегае на ўсіх чатырох лапах і нават не ўспамінае пра траўму.
У Рыгора ў клініцы заўсёды лячу свайго сабаку. Вельмі шкада бачыць такія навіны, — бядуе дзяўчына з нагоды прысуду Чагадаеву.
![Яйцом по гаишникам: отзывы о ветеринаре-бунтаре, получившем 2 года “химии”](/sites/default/files/paragraphs/image/skrinshot1.jpg)
![Яйцом по гаишникам: отзывы о ветеринаре-бунтаре, получившем 2 года “химии”](/sites/default/files/styles/round_photo/public/paragraphs/round_photo/qojlldihrc.jpg.webp?itok=8nAKdhqg)
— Наша котка трапіла пад машыну, ён ёй збіраў лапку. Я ўжо дакладна не памятаю, але, па-мойму, ёй адрэзалі галоўку галёначнай косці. Котка дагэтуль жывая, ёй ужо 13 гадоў, — дзеліцца гісторыяй з Еўрарадыё Наталля Пазняк. — Праз некалькі гадоў пад машыну трапіў наш ёрк Бары. Рыгор таксама яго збіраў — на сцягне ў сабакі стаіць тытанавая пласціна і чатыры шрубы. Пёсель жывы, вясёлы і ўкормлены. Часам кульгае, але ў яго вага для гэтай пароды завялікая.
— Я не ведала, што Рыгора асудзілі на два гады "хіміі", вельмі шкада. Рыгор гаваркі, адукаваны, знаходзіў падыход да маіх жывёл, хоць з коткай гэта было няпроста. Я лічу, што чалавек абсалютна на сваім месцы, любіць сваю працу і справу, якой займаецца. Шкада, што на два гады выпаў з гэтай патрэбнай справы.
![Яйцом по гаишникам: отзывы о ветеринаре-бунтаре, получившем 2 года “химии”](/sites/default/files/paragraphs/image/imgonline-com-ua-frame-blurred-brgsjgdlsvta0fos.jpg)
— Першы раз я звярнулася да Рыгора шэсць з паловай гадоў таму, калі ў майго мопса сталі адмаўляць лапы. Сказаць, што гэта чалавек з вялікай літары, — нічога не сказаць, — не можа стрымаць эмоцый суразмоўніца Еўрарадыё Марына. — Ён мог сярод ночы адчыніць клініку, каб зрабіць укол майму сабачку. Мы разам перажылі шмат бяссонных начэй і кропельніц: у майго сабачкі былі множныя міжпазваночныя кілы і Рыгор разам з яго надзвычайнай камандай рабіў аперацыю.
Калі б не Рыгор, то не ведаю, хто яшчэ мог бы пагадзіцца на гэтую аперацыю. У Беларусі няма такіх дактароў, і многія не бяруцца за такую працу. Ён шмат працэдур пасля рабіў нават бясплатна, даваў катэтары дадому абсалютна бясплатна і вучыў, як даглядаць такога гадаванца.
Паважаны ветэрынар і медыйная персона
Да падзей 2020 года Рыгор Чагадаеў не раз станавіўся героем рэпартажаў. Канал "Беларусь 24" запрашаў ветэрынара на тэлеперадачу, "Гродна+" здымаў сюжэт пра складаную аперацыю з яго ўдзелам. З'яўляўся мужчына і ў інтэрв'ю "Анлайнера". "Ні адна з гэтых гісторый не абыходзіцца без удзелу доктара Айбаліта, які заўсёды ведае, чым менавіта дапамагчы чатырохногім небаракам", — так пра Чагадаева пісала СТБ у 2014 годзе.
На сайтах водгукаў пра "доктара Айбаліта" таксама гавораць станоўча. Ёсць, праўда, і негатыўныя каментары, але яны губляюцца сярод дзясяткаў падзяк і кампліментаў на адрас лекара ад гаспадароў гадаванцаў, якія паправіліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.