Якой бачаць пенсійную сістэму беларусы і як яе хоча змяніць Лукашэнка

90,9% апытаных беларусаў лічыць, што пенсійныя выплаты не змогуць забяспечыць нябедную старасць / Reuters
90,9% апытаных беларусаў лічыць, што пенсійныя выплаты не змогуць забяспечыць нябедную старасць / Reuters

28 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што беларуская пенсійная сістэма зжыла сябе і патрабуе рэформаў. У той жа дзень даследчы цэнтр ІПМ прадставіў вынікі апытання беларусаў аб тым, якім яны бачаць жыццё на пенсіі.

Якія змены прапануе кіраўнік Беларусі і чаго хочуць людзі?

Унікальная беларуская пенсійная сістэма

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што рэфармаваннем пенсійнай сістэмы варта заняцца пасля прэзідэнцкіх выбараў. Праўда, выглядае гэта як традыцыйнае перадвыбарчае какецтва:

"Пенсійная сістэма ў тым выглядзе, у якім мы яе сёння бачым, назіраем і выкарыстоўваем, адмерла. Нам пасля прэзідэнцкіх выбараў (я буду, ці хто-небудзь з вас, ці нехта іншы) усё роўна давядзецца гэтым займацца. Калі мы працягнем працаваць у такім жа складзе, у гэтым жа годзе (у канцы года) пачнём гэтую працу".

Галоўная прэтэнзія, агучаная Лукашэнкам, — "ураўнілаўка". На яго думку, чым больш зацята працуе грамадзянін і чым больш зарабляе, тым лепшым мусіць быць яго жыццё на пенсіі. У Беларусі цяпер, на жаль, не так: ідэальная пенсійная сістэма яшчэ толькі мусіць быць створаная:

"Я з Уладзімірам Пуціным вельмі шмат на гэтую тэму размаўляў. Але мы яшчэ параімся з тымі, хто ўкараняў назапашвальныя і іншыя віды пенсій, якія не прайшлі, не адбыліся: загуляліся ў рынак і гэтак далей. З улікам іх вопыту і тых сістэм, якія ёсць у свеце, мы створым у Беларусі лепшую сістэму пенсіённага забеспячэння. З улікам нашых магчымасцяў. Лепшую — гэта не значыць, што ўсіх завалім вялікімі пенсіямі, але гэта будзе справядлівая і добрая сістэма".

Какой видят пенсионную систему белорусы и как её хочет изменить Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка на VIII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў / belta.by

Пра тое, што перашкаджала стварыць "справядлівую і добрую" пенсійную сістэму за 26 гадоў прэзідэнцтва, Лукашэнка не расказаў. Як і пра тое, чаму ж у краінах, якія развіваюцца, такія рэдкія прыклады эфектыўных пенсійных сістэм. Але ў Беларусі ж ужо працавала "ўнікальная эканамічная мадэль", якая "даказала сваю эфектыўнасць". Чакаем "унікальнай пенсійнай сістэмы"?

90,9% беларусаў лічаць, што пенсія не забяспечыць нябедную старасць

Якой сваю пенсію бачаць людзі? Восенню мінулага года ІПМ і BEROC апыталі каля 1500 беларусаў, старэйшых за 18 гадоў. Рэспандэнты расказалі пра тое, як ставяцца да цяперашняй пенсійнай сістэмы і магчымых рэформ.

Аказалася, што беларусы, у прынцыпе, стараюцца пра пенсію не думаць (54,4%). Толькі 8,2% апытаных чакаюць яе з радасцю. Пры гэтым траціна насельніцтва не ведае, як пабудаваная пенсійная сістэма ў Беларусі, а 60% не ў курсе, колькі працэнтаў адлічваецца ў ФСАН (дакладную лічбу назвалі толькі 13,3%).

Какой видят пенсионную систему белорусы и как её хочет изменить Лукашенко
Веданне цяперашняй пенсійнай сістэмы / ІПМ

Практычна ўсе сыходзяцца на тым, што памер пенсіі ў Беларусі нізкі: 90,9% апытаных лічыць, што пенсійныя выплаты не змогуць забяспечыць нябедную старасць. На іх думку, пенсіянерам не хапае грошай на куплю тавараў працяглага карыстання, адзення і абутку, аплату лячэння і медыкаментаў. Чаму так? Апытаныя (51%) вінавацяць у наяўнай сітуацыі дзяржаву, якая неэфектыўна размяркоўвае сродкі. Сярод іншых прычын — агульны эканамічны стан краіны (44%) і маленькія заробкі (41,3%), праз якія беларусы не могуць адлічваць вялікія выплаты ў пенсійны фонд.

Пры гэтым 71,4% апытаных збіраюцца жыць на пенсію

Якія змены могуць зрабіць пенсійную сістэму ў Беларусі лепшай? Удзельнікі даследавання (52%) лічаць, што пенсійную сістэму можа палепшыць уключэнне ў страхавы стаж перыядаў службы ў войску, догляду дзяцей або састарэлых. 34,7% выступаюць за непасрэдную "прывязку" памеру пенсіі да памеру зарплаты. Пры гэтым у людзей прадказальна не карыстаецца падтрымкай ідэя павышэння пенсійнага ўзросту або выраўноўвання пенсійнага ўзросту для мужчын і жанчын.

Амаль усе апытаныя лічаць, што "чарнобыльцы" і беларусы, якія працавалі ў шкодных умовах, справядліва атрымліваюць павышаную пенсію. А вось у дзяржслужбоўцаў такіх прывілеяў, на думку большасці, быць не павінна. Памер пенсіі, лічаць 62,1% рэспандэнтаў, павінен залежаць ад працоўнага стажу. На другое месца апытаныя ставяць умовы працы — 32,9%. Прывязаць узровень да аб'ёму пералічэнняў узносаў у ФСАН гатовыя толькі 23,5%.

Какой видят пенсионную систему белорусы и как её хочет изменить Лукашенко
На якія сродкі беларусы плануюць жыць на пенсіі / ІПМ

71,4% апытаных збіраюцца жыць у старасці на дзяржаўную пенсію. Нягледзячы на ​​тое, што лічаць яе нізкай! 43,2% гатовыя працаваць або падпрацоўваць. Пра тое, каб сабраць грошай да старасці, 70% апытаных нават не задумваліся. Таму што грошай не хапае нават на звычайныя выдаткі, адкладаць іх проста не атрымліваецца.

Практычна ўсе апытаныя лічаць, што сённяшнія пенсіянеры праводзяць шмат часу на дачы, выхоўваюць унукаў, практычна не падарожнічаюць. 46,8% уяўляюць сваю старасць такой самай. Толькі 23,4% сказалі, што будуць весці больш актыўны лад жыцця. 17,2% думаюць, што не дажывуць да пенсіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі