Якія ў Беларусі партыі? "Белая Русь, БРСМ, больш нічога"

Перш-наперш Еўрарадыё пацікавілася на вуліцах у мінчукоў, якія беларускія палітычныя партыі яны ведаюць.
 
— Не, ніякіх.
 
— Я ў палітыцы не вельмі.
 
— У нас ёсць Белая Русь, БРСМ, больш нічога.
 
— Я не ведаю.
 
— Не хачу ведаць.
 
— Эээ. Не.
 
— Беларуская сацыялістычная грамада, Аграрная партыя... нешта такое яшчэ ёсць.
 
— Белая Русь, ну ў якой усе дзяржаўныя супрацоўнікі. БНФ – гэта партыя? Ну вось яшчэ БНФ.
 
— Не. Гэта не да нас.
 
На сайце Мінюста знаходжу спіс 15 зарэгістраваных партый. Але ў некаторых партый няма нават тэлефонаў, шмат дзе тэлефон ніхто не здымае. Вось захочаш уступіць і як?
 
Датэлефаноўваюся па афіцыйным тэлефонным нумары Рэспубліканскай партыі і чую такі адказ:
 
"Яе зараз тут няма. Толькі юрыдычны адрас тут. Я нават не ведаю дзе яна знаходзіцца".
 
Па адным з нумароў Партыі працы і справядлівасці адказвае… турфірма: "Магчыма некалі яны тут былі. Вы першы, хто іх пытае".
 
Цяпер паспрабуем датэлефанавацца ў "Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду":
 
"Яны ўжо даўно тут не жывуць. Гады чатыры. Раней тут былі, таму можа проста не памянялі інфармацыю".
 
Але мне даюць кантактны нумар, па якім з партыяй можна звязацца. Праўда, аказваецца, што нікога, хто б мог адказаць на мае пытанні пра ўнёскі і колькасць партыйцаў, няма ў Беларусі.
 
"Ёсць статут, ёсць праграма, унёскі абавязковыя для кожнага камуніста", — рапартуюць у Кампартыі Беларусі і адпраўляюць да сакратара ЦК па партыйнай працы.
 
Па тэлефоне партыі БНФ адказваюць адразу. Просяць час для адказу на пытанні. Праз 10 хвілін аказваецца, што падрабязную інфармацыю пра колькасць партыйцаў, колькасць сышоўшых з партыі, атрымаць нельга! Такую інфармацыю ў публічны доступ не даюць.
 
Адзіная партыя, хто называе мне колькасць сваіх чальцоў — АГП: "На 1 студзеня 2013 года складае 3336 чалавек. Больш за ўсё у Мінску, Мінскай вобласці, далей ідзе Магілёўская".
 
У вёсцы Сёмкава па адрасе рэгістрацыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі таксама ніхто не адказвае на званок. У гэтай вёсцы жыве кіраўнік партыі — Сяргей Гайдукевіч. Можа проста няма дома…
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі