Якім маладым сем'ям будзе дапамагаць дзяржава?

На мінулым тыдні прэзідэнт падпісаў указ, згодна з якім маладыя шматдзетныя сем’і змогуць атрымаць грошы на пагашэнне няльготных жыллёвых крэдытаў.
Па кампенсацыю трэба будзе звяртацца ў райвыканкамы, але там указу дагэтуль не бачылі і каментаваць яго не гатовыя. Пакуль у райвыканкамах чакаюць указ, Еўрарадыё вырашыла разабрацца, хто зможа разлічваць на фінансавую падтрымку дзяржавы.

Няясна, якія крэдыты лічацца няльготнымі – ці з’яўляецца крэдыт пад 14% на 15 год няльготным? Ён выдаецца сем’ям, якім неабходна палепшыць жыллёвыя ўмовы, і ён ніжэйшы за камерцыйны спажывецкі крэдыт. Калі такі крэдыт разглядаць як ільготны, то вельмі мала сем’яў падпадаюць пад дзейнасць указа.

У "Беларусбанку" нас супакоілі і запэўнілі, што льготнымі крэдытамі лічацца толькі тыя, якія атрымліваліся на 20 год пад 3-5%:

“Паводле ўказу прэзідэнта льготны крэдыт – гэта 3-5%. Калі вы не такі атрымлівалі і падыходзіце па ўсіх астатніх крытэрах, вы трапляеце пад дзейнасць гэтага ўказа”.

Па словах спецыяліста “Беларусбанка”, нават тыя сем’і, якія атрымалі крэдыт пад 14% на 15 год, змогуць атрымаць кампенсацыю, не зважаючы на тое, што крэдыт выдаваўся ім як людзям, якім трэба палепшыць умовы пражывання:

“Гэта не адыгрывае ролі… Гэта банк вам такую льготу даў, а не дзяржава”, - запэўнілі ў “Беларусбанку” і параілі звяртацца ў райвыканкам па выплаты.

Галоўны спецыяліст упраўлення жыллёвага будаўніцтва Мінбудархітэктуры Марыяна Еўтушэнкава кажа, што больш за 20 тысяч сем’яў змогуць разлічваць на выплаты:

“Такіх сем’яў, па нашых падліках, не менш за 20 тысяч. Такія сем’і былі, ёсць, і мы спадзяемся, што яны будуць паляпшаць жыллёвыя ўмовы – дзяржава ім будзе ў гэтым аказваць падтрымку”.

Спяшацца ў райвыканкамы па выплаты пакуль усё ж ня варта – там раюць прыходзіць праз тыдзень-два, пасля таго як яны азнаёмяцца з указам. У Слуцкім райвыканкаме паскардзіліся, што ўказа яны не бачылі і не ведаюць, што там напісана:

“Мы ўжо цэлы дзень адказваем, што ў нас няма ніякага ўказання, што менавіта мы будзем гэтым займацца. Мы таксама карыстаемся толькі той інфармацыяй, што надрукаваная ў газеце. Мы нават не ведаем, што напісана ў палажэнні, у нас няма арыгіналу гэтага ўказа. Ніхто нічога нам пакуль не тлумачыў”.

Такія ж адказы мы атрымалі і ў шматлікіх адміністрацыях раёнаў Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі