Як з беларусаў могуць узяць грошы за званкі ў Skype і Viber

Пра намер манетызаваць паслугі Skype і Viber Мінсувязі заявіла яшчэ у пачатку года. Тады міністр Сяргей Папкоў заявіў, што створаная працоўная група, распрацоўваюць варыянты.

"Такіх сэрвісаў у свеце каля 11 — яны не ўкладваюць ні цэнта ў развіццё тэхналогій. Натуральнае змяншэнне прыбыткаў за кошт прыросту паслуг такіх тэхналогій складае каля 10-15%, на думку расійскіх і еўрапейскіх экспертаў. У розных краінах з гэтым працуюць па-рознаму, напрыклад, манетызуецца трафік, які носіць лішні характар".

У міністэрстве Еўрарадыё паведамілі, што працоўная група вывучае міжнародны вопыт, але канкрэтных рашэнняў пакуль няма. Які вопыт можна вывучаць у гэтай сферы, незразумела, бо ні ў адной краіне свету такога няма. Але спробы былі. Напрыклад, у Расіі прапаноўвалі браць дадатковыя грошы з абанентаў сотавай сувязі за трафік, які генеруецца Skype і Viber.

Потым Белтэлекам абвясціў тэндар на закупку апаратна-праграмнага комплексу, які блакуе інтэрнэт-рэсурсы, а таксама ажыццяўляе збор і захоўванне звестак пра наведванне карыстальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў.

Пазней з’явілася інфармацыя, што адзін з кампанентаў гэтага абсталявання можа ідэнтыфікаваць галасавы трафік (IP-тэлефанію) з прывязкай да канкрэтнага абанента. Іншымі словамі, абсталяванне будзе праводзіць аналіз трафіку, вылічваць, з кім і колькі канкрэтны карыстальнік размаўляў па Skype ці Viber, і браць за яго грошы па пэўных тарыфах.

Ці магчыма ўвогуле браць грошы за размову па Skype ці Viber?

Тут можа быць некалькі варыянтаў. Некаторыя з іх тэхнічна складаныя, але магчымыя ў тэорыі.

Першы варыянт: Skype ці Viber самі будуць дзяліцца з дзяржавай. Але тады трэба будзе зрабіць званкі паміж абанентамі платнымі, што амаль немагчыма. Таму гэта не той варыянт. Тым больш што самі кампаніі наўрад ці захочуць дзяліцца.

Другі варыянт расійскі: браць грошы з абанентаў мабільных аператараў за трафік, які генеруе Skype ці Viber. Тэхнічна гэта магчыма. Напрыклад, у аднаго з аператараў быў асобны тарыф на трафік, які ідзе праз мабільны браўзер. Такім жа чынам можна ўсталяваць асобны тарыф на трафік, які ідзе ад Skype ці Viber.

Трэці варыянт самы тэхнічна складаны, але, як выявілася, таксама рэальны. Можна браць грошы за кожную канкрэтную размову. Прычым па розных тарыфах, у залежнасці ад таго, з якой краінай было злучэнне: званок абаненту Skype ці Viber у Беларусі ці ЗША можа быць тарыфікаваны па-рознаму. Мы зрабілі некалькі званкоў у розныя краіны — тры з чатырох злучэнняў Viber рабіў наўпрост ад абанента да абанента, і можна было бачыць IP-адрас нашага суразмоўцы і даведацца, у якую краіну ідзе званок. Толькі ў адным выпадку злучэнне ішло праз сервер Viber, і даведацца, куды ідзе званок, магла толькі сама кампанія і карыстальнік.

У Skype усе званкі ідуць наўпрост ад абанента да абанента, і тут праз аналіз трафіку можна зразумець, што карыстальнік пачаў размову па Skype, і пабачыць, з абанентам з якой краіны ідзе злучэнне.

У Расіі такія спробы таксама былі, але ўсе яны спыніліся на перамовах з расійскімі мабільнымі аператарамі — вялікай тройкай. Застаецца спадзявацца, што і беларуская ініцыятыва не знойдзе варыянтаў тэхнічнай рэалізацыі.

У рабочай групе ёсць і прадстаўнікі асацыяцыі “Белінфаком”. Але пакуль яны не удзельнічалі у паседжаннях.

Увогуле ва ўсім свеце цяпер гавораць пра правілы сеткавага нейтралітэту. Напрыклад, у ЗША правайдарам забаронена браць дадатковыя грошы за больш хуткі доступ да некаторых сайтаў ці, наадварот, запавольваць хуткасць доступу без дадатковай аплаты. Калі вы набылі трафік у правайдара, то самі вырашаеце, на што яго траціць.

Дарэчы, пазбегнуць такіх планаў манетызаваць трафік Skype і Viber можна вельмі проста. Дастаткова запусціць VPN на тэлефоне ці камп’ютары, і правайдар ужо не зможа бачыць, што вы тэлефануеце некаму праз Skype ці Viber.

Фота: globaljournalist.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі