Як выглядае кавярня, у якой узарвалі Аляксандра Захарчанку (фота, відэа)

Як выглядае кавярня, у якой узарвалі Аляксандра Захарчанку (фота, відэа)

З'явіліся фота і відэа кавярні "Сепар" у цэнтры Данецка, дзе 31 жніўня адбыўся тэракт, у выніку якога загінуў лідар самаабвешчанай рэспублікі "ДНР" Аляксандр Захарчанка. Як інфармуе ria.ru, у будынку адбыўся выбух (там невядомымі была закладзеная выбухоўка), Захарчанка атрымаў цяжкае раненне ў галаву, якое не было сумяшчальнае з жыццём, і памёр. Улады "ДНР" прызналі здарэнне тэрактам і ўсклалі адказнасць за яго на Украіну. Пазней было паведамлена пра затрыманне падазраваных у здзяйсненні тэрарыстычнага акту. Спачуванні з нагоды смерці лідара сепаратыстаў выказаў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

Аляксандру Захарчанку было 42 гады. Ён займаўся бізнесам у Данецку, а вясной 2014-га стаў адным з лідараў сепаратыстаў у горадзе, захопліваў у ім уладу. Удзельнічаў у баях супраць украінскай арміі, быў паранены. У жніўні 2014 года Захарчанка стаў прэм'ер-міністрам "ДНР", а ў лістападзе — кіраўніком "дзяржавы", меў званне "генерал-маёра ДНР". На яго неаднаразова здзяйсняліся замахі. У той час, калі практычна ўсе вядомыя палявыя камандзіры, якія не выехалі з Данбаса ў Расію, былі забітыя ў выніку замахаў, Аляксандру Захарчанку ўдавалася выжыць. Ён бываў у Мінску на пасяджэннях кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе. Інтэрв'ю Еўрарадыё з ім гл. тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі