Вы тут

Як у Беларусі затрымліваюць журналістаў

Міліцыянты затрымліваюць Вольгу Чайчыц у Барысаве. Скрыншот з відэа тэлеканала "Белсат".

У 2016 годзе ў Беларусі пры выкананні прафесійных абавязкаў было затрымана 13 журналістаў. У 2017 годзе гэтую лічбу перакрылі за адзін дзень — 12 сакавіка. А з пачатку года ў аддзяленнях міліцыі і за кратамі пабывала ўжо 28 супрацоўнікаў беларускіх СМІ.

У студыі Еўрарадыё — дзве журналісткі тэлеканала "Белсат", Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Вольга Чайчыц. Кацярыну затрымалі 12 сакавіка ў Оршы, яна правяла ноч у камеры. На наступны дзень суд пакараў яе штрафам у 690 рублёў ($360). Вольгу Чайчыц сёлета затрымлівалі ўжо двойчы: 12 сакавіка — на пад'ездзе да Рагачова, а 18 сакавіка — на галоўнай плошчы ў Барысаве, на акцыі "недармаедаў", якой не было.

Галоўныя цытаты:

— Мне падалося, што міліцыянту затрыманне прынесла асалоду. Ён так казаў: "Вы затрыманая!" — гэта трэба было бачыць. Хаця на выгляд гэта і не міліцыянт быў, а нейкі чувак у сіняй куртцы. Іншы міліцыянт, які мяне вартаваў, адкрываў дзверы і моўчкі чакаў, што я скажу. Я пачынала абурацца: дзе пратакол, на якой падставе я сяджу ў халоднай камеры без ежы і вады. А ён адказвае: "15 сакавіка — Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Віншую!". І дзвярыма як лясне!

— Нашая памылка была ў тым, што мы па тэлефоне дамаўляліся, па якой трасе будзем зазджаць у горад. Потым я выпадкова даведалася, што мой тэлефон праслухоўваецца. Тэлефаную мужу, а замест яго ў слухаўцы незнаёмы чалавек мне па-руску адказвае: "Слушаю вас". Пасля шчаўчок, і ўжо адказвае муж.

— Калі я была ў пастарунку і праводзілі вобшук, мяне здымалі на відэакамеру. І жанчыны, якія мяне аглядалі, загадалі мне раздзецца. Перад відэакамерай! Гэта было вельмі дзіўна. Я адмовілася, бо ведаю, што такога не мусіць адбывацца. І сказала, што лічу гэта прыніжэннем маёй асобы і не буду гэтага рабіць. Яны пераглянуліся і сказалі: "Ну ладна, тады не раздзявайцеся". Пасля гэтага вобшуку было адчуванне, што схадзіла да гінеколага.

Кацярына Андрэева і Вольга Чайчыц. Фота: Еўрарадыё

— Усё, што робяць журналісты, — расказваюць праўду пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. І гэтая праўда не падабаецца ўладам. Мы паказваем тое, што ёсць. Таму на нас і ціснуць. Але калі супраць нас ужываюць такія дзеянні — значыць, інфармацыя, якую мы распаўсюджваем, патрэбная грамадству. Гэта стымул працаваць далей, і мы будзем працягваць.

— Цяпер праваахоўнікі сутыкнуліся з новым выклікам — затрыманні адбываюцца ў жывым эфіры. Раней можна было канфіскаваць ці пабіць тэхніку, забраць карткі памяці. А цяпер ёсць жывыя эфіры. Гэта нашая сіла.

Слухаць размову цалкам:

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі