Як тры сям’і аб’ядналіся, каб беларусізаваць Беларусь праз дзяцей

Як тры сям’і аб’ядналіся, каб беларусізаваць Беларусь праз дзяцей

Тры беларускія сям’і аб’ядналіся вакол адной тэмы: выхоўваць дзяцей на беларускай мове. Бойкі, Мудрачэнкі і Касцюкевічы збіраюць грошы на тэхнічнае абсталяванне, кніжкі, дыскі, размалёўкі, дзіцячыя энцыклапедыі ды аўдыёказкі для беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку №403, куды ходзяць іх дзеці. Пачынаецца ўсё з аднаго садка, а глабальная мэта — беларусізацыя ўсёй краіны, не больш і не менш!

Мы сустракаемся з нашымі героямі ў кватэры пасярод вялікага мінскага “спальніка” — Серабранкі. Побач з дарослымі бегаюць маленькія дзеці: Богусь ды Мірон Бойкі, Усяслаў Касцюкевіч ды Ядзя Мудрачэнка. Час ад часу яны падбягаюць да бацькоў і нешта сціпла кажуць на вушка. Па-беларуску, бо так іх выхоўваюць бацькі. Яўген з Сашай, Іна ды Юля хочуць рэфармаваць не толькі адукацыю, каб іх дзеці маглі вучыцца на роднай мове, але і ўсю краіну.

Чаму ты размаўляеш па-беларуску?” — такое пытанне яны чуюць вельмі часта.

Таму што я жыву ў Беларусі!” — кажа Іна. Да размовы падключаецца Яўген Бойка і кажа, што на такое пытанне часта адказвае пытаннем: “А чаму вы размаўляеце на рускай?”.

“Мы не можам дазволіць сабе прыватны садок за $600 штомесяц”

Па даных перапісу насельніцтва 2009 года, на беларускай мове ў Беларусі размаўляе 23% насельніцтва. У 2011/2012 навучальных гадах па-беларуску выхоўвалі 45 тысяч дашкольнікаў (12% ад усіх дзяцей, якія ходзяць у садкі).

Цяпер у 403-м садку ёсць афіцыйная беларускамоўная група. Але на шляху да яе стварэння Іне і Ядзі давялося пераадолець шмат перашкод. Можа ўзнікнуць пытанне: чаму б не аддаць дзіця ў прыватны беларускамоўны садок? Іна адказвае, што гэта вельмі дорага:

Амаль у кожным раёне ёсць прыватныя садкі. Вось ёсць садок “Крочым разам”. Але наша сям’я, напрыклад, не можа дазволіць сабе аддаваць $600 штомесяц. Гэта даражэй, чым універсітэт каштуе. Самы танны садок — каталіцкі, там ёсць беларускамоўная групка. Але кошт — 500 рублёў штомесяц, гэта таксама грошы”.

Як тры сям’і аб’ядналіся, каб беларусізаваць Беларусь праз дзяцей
Іна Мудрачэнка паказвае беларускамоўныя кніжкі і дыскі / Раман Пратасевіч / Еўрарадыё

Таму, кажа Іна, яна вырашыла пайсці іншым шляхам і пашукаць беларускамоўную групу ў дзяржаўным дзіцячым садку. Высветлілася, што 403-м садку, побач з домам Мудрачэнкаў, ужо існавала беларускамоўная група, але толькі на паперы.

У 2018-м мы загітавалі Юлю з Усяславам, каб яны прыйшлі ў наш садок. Мы былі знаёмыя з суполкі “Дзеткі-кветкі”. А пасля Яўген з Сашай далучыліся, прывялі Богуся. Адна з выхавацелек, паглядзеўшы, што нас стала болей, цалкам перайшла на беларускую мову. На сённяшні дзень нельга сказаць, што ў нас цалкам беларускамоўная група. Другая выхавацелька стараецца, але яна мовай не валодае”, — распавядае Іна, трымаючы на руках чатырохгадовую Ясю.

Зазвычай, кажа жанчына, рускамоўныя людзі баяцца беларускай мовы. А ў сітуацыі, якая цяпер склалася ў групе, дзеці вучаць і беларускую, але і руская мова застаецца.

Калі ў мінулым годзе я прыйшла з Ясяй у гэтую групку, не было нічога па-беларуску: ні кніжак, ні дыскаў — нічога. Колькі маглі, мы прыносілі самі. Але ж мы не можам прынесці кніжак на тысячу рублёў. Цяпер мы вырашылі запусціць краўд-кампанію, каб людзі вакол нас падтрымалі. Каб мы змаглі набыць не дзесяць кніжак, а 110!

“Мы зразумелі, што дзяржава нам нічога не дасць”

У мінулым годзе, распавядае Іна, яна з мужам спрабавала вырашыць пытанне праз адміністрацыю Ленінскага раёна. Патрабаванне было такое — забяспечыць Ясю беларускамоўнымі матэрыяламі.

Мы зразумелі, што дзяржава нам нічога не дасць, але нам могуць даць людзі, якія добра ставяцца да беларускай мовы. Мы вырашылі паспрабаваць сабраць грошы для сваіх дзетак”.

На думку Юлі Касцюкевіч, у беларускамоўных дзяцей заўсёды застаецца выбар, на якой мове размаўляць, бо рускую пасля беларускай вывучыць прасцей, чым наадварот.

Я лічу, што ў нашых сілах даць дзецям выбар. Калі наша дзіця ведае абедзве мовы, яно потым можа само абраць гэтую беларускую мову свядома, і для яго гэта будзе не складана. А дзіця рускамоўнае — ён не зможа. Нават калі яно захоча, трэба будзе з нуля вучыць беларускую. А дзе цяпер дзеці чуюць тую беларускую мову? Яны прыходзяць у школу вось с такімі вачыма! І вучаць беларускую як замежную. А для нашых дзяцей не будзе складанасцяў”.

 

“Я за тое, каб ніхто не заўважаў, што ты размаўляеш па-беларуску”

На што тры сям’і спадзяюцца далей?

Нашы дзеці вырастуць — будзе наступнае пакаленне. Магчыма, у маёй Ясі яшчэ з’явіцца брацік ці сястрычка. Мы хочам, каб наша справа жыла, — кажа Іна. — Мы ў Серабранцы жывём ужо дзесяць гадоў, і беларуская мова дапамагае мне жыць у гэтым раёне. Я прыходжу ў краму, а мне кажуць: “О, прывітанне, Ядзя!”. Я думаю: “Я ж не ведаю гэтую жанчыну!”. А яна мне адказвае, што ведае нас, таму што мы заўсёды размаўляем па-беларуску. Ці прыходжу ў паліклініку — для мяне заўсёды знойдзецца талон, бо нас усе ведаюць. Сур’ёзна вам кажу!

Яўген катэгарычна супраць такой сітуацыі:

Я за тое, каб гэта спынілася! Каб ніхто не заўважаў, што ты размаўляеш па-беларуску! Думаю, у Беларусі ёсць як мінімум мільён людзей, якія хочуць размаўляць па-беларуску, але нечага саромеюцца і не могуць пачаць. А нашы дзеці будуць ствараць такую атмасферу, што ва ўсіх дарослых людзей будзе магчымасць падтрымаць размову на беларускай мове з дзецьмі. І вось яны гэтае схаванае памкненне змогуць здзейсніць.

Мы гэтай краўд-кампаніяй хочам распачаць рэформу. Не дыскусію ў грамадстве, не заявіць пра праблему, а проста пачаць яе вырашаць — пачаць рэформу дашкольнай адукацыі. Сучасны беларускі садок — гэта той, дзе ёсць дзве мовы. За 30 гадоў незалежнасці мы зразумелі, што трэба не змагацца і ваяваць, а агучваць новыя ідэі. Трэба не казаць, што табе не падабаецца ва ўладзе, а прапаноўваць новае”.

"Мая маці з-за беларускай мовы прынцпова не размаўляла з намі больш за месяц”

Па словах Яўгена Бойкі, праблема беларускай мовы тычыцца не толькі тых людзей, якія на ёй размаўляюць, але і ўсёй Беларусі. Наша размова сыходзіць у дыскусію наконт двухмоўя ў краіне.

Па-першае, мне падаецца, мы, беларускамоўныя беларусы, не знікнем. Тая частка беларускага грамадства, якая размаўляе на рускай мове, павінна без ніякіх перашкод разумець беларускую. Для нас усіх павінна быць незаўважна, на якой мове чалавек размаўляе. Для нас, беларускамоўных, натуральна, што мы не звяртаем увагу на рускамоўнага беларуса. Але рускамоўныя глядзяць на нас вось такімі вачыма! Гэта кепска для паразумення, для бізнесу — усё ускладняецца”.

Як ні парадаксальна, для беларуса перайсці на беларускую мову з рускай вельмі складана, кажа Яўген.

Для мяне, дарослага, пераход на беларускую мову — гэта быў цэлы шэраг унутраных бар’ераў, якія ты па чарзе пераадольваеш. Напрыклад, класічная задача сказаць у маршрутцы “калі ласка” замест “пожалуйста”. Ці ў краме, паліклініцы. Паўсюль, дзе адразу на цябе звяртаюць увагу людзі.

Самае цяжкае — перайсці на беларускую мову з бацькамі. Мая маці — апошні чалавек, з якім я перайшоў на беларускую мову. Атрымліваецца, калі чалавек вырашыў размаўляць па-беларуску, у яго з’яўляецца шмат праблем у сям’і, на працы, напрыклад. Калі ў нас нарадзіліся дзеці, мы хацелі даць ім беларускія імёны, а нашы бацькі — рускія. Гэта быў моцны канфлікт”.

Як тры сям’і аб’ядналіся, каб беларусізаваць Беларусь праз дзяцей
Юля і Усяслаў Касцюкевічы / Раман Пратасевіч / Еўрарадыё

Канфлікт з бацькамі ў Бойкаў быў пасля нараджэння Богуся. Нават дагэтуль маці Сашы не заўсёды ўспрымае беларускае імя ўнука.

Мая маці дагэтуль кажа на сына Багдан. А ён ей адказвае: “Я Богусь!”. Мы назвалі яго БОгдан. У пасведчанні аб нараджэнні адразу памыліліся, напісалі Багдан — праз “а”. Тады Яўген пайшоў і змяніў. Мая маці прынцыпова не размаўляла з намі больш за месяц”, — кажа Саша.

“Не мы змагаемся, а нашы дзеці паказваюць бабулям і дзядулям, як з імі размаўляць”

Яўген дадае, што цягам гэтай кампаніі ён зразумеў, што дзеці — самы эфектыўны спосаб для беларусізацыі.

Я хачу, каб беларусы маглі заставацца самімі сабой без ніякіх комплексаў, у маштабах усёй краіны. Каб беларуская мова заняла такое месца ў грамадстве, што больш няма розніцы, на якой мове ты размаўляеш. І аказваецца, што дзеці — гэта самы эфектыўны інструмент для беларусізацыі. Мы робім беларусізацыю нашымі дзецьмі! Не мы змагаемся, не мы камусьці даказваем, а нашы дзеці паказваюць бабулям і дзядулям, як з імі размаўляць. У нашым садку бацькі распавядаюць, як іх меншыя дзеці вучаць старэйшых сваіх братоў, сястрычак беларускай мове”.

Калі журналісты Еўрарадыё сыходзілі, маленькая Яся Мудрачэнка нечакана пачала распавядаць урывак з калыханкі.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 04.02:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі