Вы тут

Нацыянальны экзіт-пол: Зяленскі на выбарах прэзідэнта Украіны набраў 73,2%

Reuters

20:00 Галасаванне на тэрыторыі Украіны скончылася. Паводле вынікаў Нацыянальнага экзіт-пола, на выбарах перамагае Уладзімір Зяленскі (73,2%), а Пётр Парашэнка набірае  25,3% галасоў.

19:30 На выбарчым участку ў Аўстраліі падвялі вынікі галасавання: прыйшло 99 чалавек, за Пятра Парашэнку аддалі 72 галасы, за Уладзіміра Зяленскага — 26 галасоў, 1 бюлетэнь выявіўся несапраўдным. На гэтым участку яўка была ніжэйшай, чым у 1 туры — тады прагаласавала 125 чалавек і лідарам таксама быў Парашэнка.

19:00 Зафіксаванае яшчэ адно парушэнне таямніцы галасавання: свой бюлетэнь паказаў украінскі алігарх Павел Фукс. Ён апублікаваў фота скарыстанага бюлетэня ў сваім Тэлеграм-канале і напісаў: «Я жыву ў вольнай дэмакратычнай краіне».

Раней сваім бюлетэнем пахваліўся кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Зяленскі: ён пазіраваў з дакументам перад фотакамерамі, а калі журналісты нагадалі яму пра выбарчае заканадаўства, то сказаў: “Я вам нічога не паказваў”. За гэта на Зяленскага склалі пратакол.

Цягам дня галасавання ў паліцыю даслалі ўжо 938 паведамленняў пра парушэнні выбарчага працэсу, па 12 выпадкаў распачатыя крымінальныя справы.

Станам на 15:00 яўка склала 45,38% ад колькасці зарэгістраваных выбаршчыкаў. У параўнанні з 1 турам выбаршчыкі выяўляюць крыху большую актыўнасць.

У паліцыю паступіла 690 паведамленняў пра парушэнні падчас галасавання, у тым ліку за пяць такіх фактаў распачалі вытворчасць. Назіральнікі зафіксавалі ў тым ліку факты падвозу выбаршчыкаў на ўчасткі для галасавання, паведамляе Громадське.

Суполка “Каманда Зяленскага” ў Фэйсбуку мае 430 актыўных рэкламных паведамлення, хоць у дзень выбараў рэклама і агітацыя за кандыдатаў забароненая. Таксама Уладзімір Зяленскі здзейсніў адміністратыўнае парушэнне, паказаўшы журналістам свій бюлетэнь для галасавання. За гэта на яго завялі пратакол.

Вынікі галасавання ў 2 туры канчаткова абвесцяць да 4 траўня, а да 3 чэрвеня пераможца выбараў павінен заняць пасаду прэзідэнта.