Як эгаістычны Myslovitz сабраў мінскі "Рэактар"

І гэта была адна з дзвюх рэплік ад палякаў за цэлы канцэрт...
Другая рэпліка ад таго ж трэцяга гітарыста выглядала наступным чынам: “Такі гарачы прыём, што рвуцца струны!”І пару разоў паўнюткаму “Рэактару”, які прыйшоў, верагодна, не на разаграваючых палякаў “Глебстеров” і “Гарадзкіх”, фронтмэн сказаў: “Дзякуй”. Усё. Нездарма пасля канцэрта знайшліся незадаволеныя такім эгаізмам гледачы.

Глядач: “Мне вось што не спадабалася: у іх такое стаўленне, што, мы маўляў такія вялікія зоркі, і ніякага кантакту з публікай. Яны выйшлі – ніводнага слова, хаця б “прывітанне”, чаго-небудзь такога. Пачалі граць. Рэальна, ніякага кантакту. Адзін раз нешта сказалі, і тое, гэта быў трэці гітарыст. Усё так выглядала, нібыта тэлевізар глядзіш”.

Глебстеры

Гарадзкія

Эгаізм “Мыслоўца” праяўляўся не толькі ў адасобленасці ад гарачай мінскай публікі, але і ў падачы матэрыялу: усё гучала занадта акуратна, гладка, без выстралаў, усё занадта “для сябе”. Вядома, адчуваўся той самы еўрапейскі ўзровень і безумоўны прафесіяналізм калектыву, нездарма ён уваходзіць у пяцёрку найлепшых польскіх сучасных каманд.

Стылістыку, у якой працуюць палякі, лёгка вызначылі знаўцы-гледачы: тут і Pink Floyd, і U2, і Radioheard. У выніку – сучасная модная музыка.

Глядач:
“Гэта, па-мойму, спалучэнне традыцый Pink Floyd і новых павеваў псіхадэлічнага року з неагрэсіўным вакалам. Усё гэта ўспрымаецца шырокімі масамі. А феерычныя пачатак і канцоўка ўводзяць у экстаз. Гэта відаць па людзях. Яны тут “падаюць”.

Паміж “пінкфлойдаўска-радыёхэдным” пачаткам і канцом канцэрта Myslovitz гралі прыемную меладычную музыку, якая нечым нагадвала наш J: Морс. Выглядалі музыкі сапраўды па-еўрапейску стрымана, і трымаліся холадна, хоць прыём быў нечакана вельмі добрым. Большасць залы прыйшла не знаёміцца з польскім рокам, як гэтага хацеў ідэолаг прыезду палякаў у Мінск Піт Паўлаў, а менавіта слухаць Myslovitz – гурт ужо знаёмы, любімы.

Хлопец: “У Польшчы няшмат добрай музыкі. А Myslovitz – гэта прадстаўнікі сустветнага ўзроўню. І тое, што яны тут, у “Рэактары” – гэта фантастыка. Тыя, хто сёння сюды не прыйшоў – папросту няўдачнікі”.

Дарэчы, свой зорны статус Myslovitz пацвердзілі не толькі высокім узроўнем выканання і стрыманым стаўленнем да публікі, але і спозненым выхадам на сцэну, які быў затрыманы амаль на гадзіну. Падчас разагрэву гурта ў клубе не было, таму Піту Паўлаву давялося вельмі доўга выконваць песню “Сіні апельсін”, хоць з залы яму і крычалі: “Ідзі дамоў”. Яшчэ з Myslovitz прыехалі пяць тэхнікаў, а ў кулуарах хадзілі чуткі, што ганарар гурта складае не адну, і не дзве тысячы еўра. Здымаць канцэрт можна было толькі цягам першых трох песень, а відэа і аўдыазапіс быў увогуле забаронены.

Увогуле, аказалася, што злёгку беларусы ведаюць польскую музыку: у апытанні Еўрарадыё значыцца гурт Pidzama Porno, Kult, Perfekt, узгадалі і Чэслава Немана. Аднак мінчукі не супраць пазнаёміцца з творчасцю маладых польскіх каманд.

Наведвальніца: “Увогуле, хацелася б як мага больш убачыць розных гуртоў. Мы ж не ведаем, што там у іх расце. Дакладна, што ёсць маладыя добрыя каманды, якія можна слухаць побач з беларускімі. Узровень палякаў, відаць па “Мыслоўцы”, еўрапейскі. Вядома, цікава”.

Варта нагадаць, што выступ “Мыслоўца” адбыўся ў межах падзеі, якая мае назву “ЖывыГук on-line”. Айцец “Гуку” Піт Паўлаў збіраецца пазнаёміць Мінск яшчэ з некалькімі польскімі камандамі. Ну, поспехаў, Піт!


Фота: Яўген Ерчак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі