Як дапамогуць палітыкі пацярпелым пінчукам?

З-за трагедыі ў Пінску загінулі 14 чалавек. Яшчэ шасцёра знаходзяцца ў лякарнях Мінска і Брэста. Для ахвяраванняў пацярпелым Пінская епархія сумесна з гарадскім Саветам дэпутатаў стварыла адмысловы банкаўскі рахунак. Палітыкі таксама вырашылі пералічыць грошы.

Актывісты руху “За свабоду” 2 лістапада адаслалі сродкі на банкаўскі рахунак. Збор ахвяраванняў не спыняецца дагэтуль, а ў хуткім часе актывісты плануюць дапамагчы лекамі, распавёў у гутарцы з Еўрарадыё старшыня руху Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч: “Ад цэнтральнага офісу ўчора пералічылі грошы. Нашы структуры па ўсёй краіне таксама збіраюць. Пакуль што ідзе збор сродкаў. Цяпер гэта вельмі важна, бо нават на лекі гэтым людзям патрэбна. Мы яшчэ збіраемся гэтых людзей, якія ў шпіталях, наведаць, і паспрабаваць даведацца, якія лекі. Мабыць, медыкаментамі дапаможам”.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Ўладзімір Някляеў пералічыў пацярпелым 3 мільёны рублёў. Гэтая сума — частка ганарару за паэтычны зборнік, распавёў палітык.

Уладзімір Някляеў: “Гэта кніга перакладаў на рускую мову называецца “Окно”. Мы хацелі спачатку адкрыць свой рахунак, але, аказалася, гэта не простая справа. Я вырашыў дапамагчы асабістымі сродкамі. Непасрэдна ў іх бядзе мы думаем, што яшчэ зрабіць. Безумоўна, мы не спынімся”.

Дарэчы, “Пінскдрэў” выплаціць сем’ям загінулых працаўнікоў прадпрыемства па 100 мільёнаў рублёў. Пацярпелыя атрымаюць па 50 мільёнаў. Частку сродкаў людзі ўжо атрымалі.

Патэнцыйны кандыдат Мікалай Статкевіч ахвяруе пінчукам грошы з ўласнай пенсіі.

Мікалай Статкевіч: “Асабіста я змагу зрабіць ахвяраванні і аказаць дапамогу. Калі шчыра казаць, ахвяраванні буду рабіць з вайсковай пенсіі, таму ў межах 50-100 тысяч рублёў”.

А вось у прэс-службе кіраўніка краіны не ведаюць, ці будзе Аляксандр Лукашэнка нечым дапамагаць, акрамя сумы дзяржаўных кампенсацый. Такое пытанне ўвогуле збянтэжыла супрацоўнікаў.

Супрацоўнік прэс-службы: “Са сваёй кішэні? Што вы маеце на ўвазе? Калі будзе, нам тады будзе вядома”.

Кандыдат ад БНФ Рыгор Кастусёў уздыме пытанне аб дапамозе ахвярам на бліжэйшым пасяджэнні партыі. Ёсць людзі, якія разумеюць боль і праблемы пацярпелых, адзначае палітык.

Рыгор Кастусёў: “Прымем рашэнне аб дапамозе ахвярам, якія пацярпелі падчас выбуху ў Пінску. Сёння мы такую дапамогу аказаць не можам, але, мяркую, мы гэтае пытанне вырашым”.

Прэтэндэнт у прэзідэнты Яраслаў Раманчук абмяркуе пытанне ахвяраванняў на бліжэйшым сходзе штабу. З нагоды гэтай трагедыі праблему бяспекі на прадпрыемствах трэба ўздымаць на дзяржаўным узроўні, лічыць ён.

Актывісты "Еўрапейскай Беларусі" пералічваюць грошы на рахунак для пацярпелых прыватна. Асноўнай мэтай у выбарчым штабе Андрэя Саннікава бачаць дапамогу ўсёй краіне праз перамогу на выбарах, распавёў прэс-сакратар кампаніі Аляксандр Атрошчанкаў.

Актывісты БХД таксама збіраюцца дапамагаць сем’ям пацярпелых, запэўніў патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі.

А вось прэтэндэнт на пасаду кіраўніка краіны Дзмітрый Ус пералічыць пацярпелым грошы з уласнага заробку.

Дзмітрый Ус: “Як фізічная асоба я гатовы аказаць пасільную дапамогу. Тысяч 20-30 рублёў я з заробку пералічу”.

Нагадаем, 3 і 4 лістапада на Брэстчыне абвешчаная жалоба па загінулых у аварыі на “Пінскдрэве”. На самім прадпрыемстве жалоба працягнецца да Новага года. Ахвяраваць сродкі пацярпелым можа кожны жадаючы.

"Прыёрбанк", ЦБУ 506, г.Пінск
Код 153001749
УНН 200320085
р/р 3015520162218

Фота: http://ua.rian.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі