Як беларусаў запісваюць у “Белую Русь”

У праўладную грамадскую арганізацыю прымаюць ў ідэалагічных аддзелах. Неабавязкова прыходзіць самому: спісы “ахвотных” падаюць кіраўнікі прадпрыемстваў. Затое абавязкова плаціць ўнёскі 0,5% ад заробку Сёння “Белую Русь” зарэгістраваў Мінюст, і яна набыла легальны статус. Аднак нават калі “Белай Русі” не існавала, у яе пачалі заганяць прымусова. Па словах супрацоўніцы мінскага прадпрыемства, якая пажадала застацца невядомай, яшчэ на мінулым тыдні ёй зрабілі прапанову, ад якой немагчыма адмовіцца:

Супрацоўніца прадпрыемства: Нам сказалі, што ўступленне нібыта добраахвотнае, але намякнулі, што мы як супрацоўнікі дзяржаўнай арганізацыі павінны ўступіць.

Па словах заснавальніка арганізацыі дэпутата парламента Віктара Гумінскага, беларусы самі імкнуцца ў “Белую Русь”. Еўрарадыё вырашыла даведацца, якім чынам яны дазнаюцца, куды звяртацца. Бо юрыдычна такой грамадскай арганізацыі пакуль нават не існуе.

Высветлілася, што ў рэгіёнах наборам сяброў займаюцца… ідэалагічныя аддзелы райвыканкамаў. Журналіст Еўрарадыё паспрабавала стаць сябрам “Белай Русі”. Аднак высветлілася, што зрабіць гэта самому не проста. Спачатку трэба прайсці праз фільтр. На сход раённай арганізацыі запрашаюцца прадстаўнікі прадпрыемстваў. Пасля “заахвочаныя” людзі ствараюць пярвічкі ў калектывах. Але фармальна – усё добраахвотна. Гэты механізм агучыла Еўрарадыё галоўны спецыяліст ідэалагічнага аддзела Гарадоцкага райвыканкаму Наталля Ляшкевіч:

Наталля Ляшкевіч: У кожнай арганізацыі ёсць свой старшыня. І людзі здаюць заявы яму. Рэзервы ў нас вялікія. Прамысловыя, аграрныя прадпрыемствы. Я думаю, што людзі выказваюць жаданне.

Такім чынам, у “Белую Русь” запісваюць нават завочна…

Старшыня Аршанскага гарсавета Канстанцін Нілаў, які ўзначальвае мясцовае аддзяленне “Белай Русі”, кажа, што арганізацыя яшчэ да рэгістрацыі налічвала 70 чалавек.

Канстанцін Нілаў: Патэнцыйна ў нас будзе 200 чалавек. Гэта дакладна. Такая лічба ўзялася з арганізацый, якія да мяне звяртаюцца. Але я шмат ад іх не патрабую - пярвічка мусіць быць нармальная, чалавек 15, хаця ў статуце запісана, што мінімум 3-5.

Дэпутат парламента Віктар Гумінскі кажа Еўрарадыё, што калі высветліцца, што некага заганяюць прымусова, то той, хто гэтым займаецца, будзе пакараны.

Гумінскі: Кіраўнікі структуры строга папярэджаныя. Калі будзе такі выпадак, грамадзянін мае права паскардзіцца аж да звароту ў суд.

Тым часам, Еўрарадыё дазналася, што кожны сябра арганізацыі мусіць плаціць ўнёскі не менш як 0,5% ад прыбытку штомесяц. Пры сярэдняй заработнай плаце ў краіне ў 300 долараў за год набяжыць каля 20 долараў унёскаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі