Як апранаюцца афіцыянты мінскіх бараў (фота)

Дзяўчаты, якія працавалі ў новым сталічным бары "Маямі" у купальніках, раптоўна зніклі, цяпер там можна заўважыць толькі бармэна. Гарадскім уладам не спадабаўся такі дрэс-код і цяпер для дзяўчат прыдумваюць новую форму.

Санстанцыя, якой і не спадабаліся купальнікі, спасылаецца на 128-ю пастанову Мінздароўя. Чытаем гэтую пастанову і бачым, што “работнікі арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у працэсе вытворчасці харчовай прадукцыі, перад пачаткам работы павінны: надзець чыстую санітарную вопратку; падабраць валасы пад хустку ці каўпак; двойчы старанна вымыць рукі цёплай вадой з мылам”.

Але для афіцыянтаў, якія не задзейнічаныя на кухні, ніякіх норм не прапісана. Ці можна дзяўчатам працаваць у купальніках, у санстанцыі Мінска так і не адказалі.

Як апранаюцца афіцыянты і бармэны іншых кавярняў у цэнтры сталіцы

У "Пабе", што на Маркса, персанал носіць кашулі ў клетачку: дзяўчына-бармэн у — светлай, хлопец-афіцыянт — у блакітнай, таксама, як і паўсюль ёсць шыльдачкі з імёнамі. Сувязі паміж інтэр’ерам і дызайнам вопраткі на першы погляд няма: форма добра глядзіцца і ў памяшканні, і на вуліцы.

Кавярня "Штоле" апранае свой персанал у белыя кашулі з чырвонымі фартухамі пад колер інтэр'ера. Выглядае, што вопратка пераклікаецца з дызайнам кавярні.

"Трэба, каб была таблічка з іменем і фартух", ― кажуць у "Brew Bar Minsk", які адчыніўся на месцы славутай мінскай кавярні "Стары Менск". Тут апранаюць чорныя фартухі проста на звычайныя джынсы з кашулямі. Усё акуратна і чыста, санстанцыя была б задаволеная.

Афіцыянты "Старамесцкага півавара" носяць простыя фірмовыя блакітна-шэрыя кашулі.

У суседнім "Z" бары знаходзім толькі дзяўчыну-бармэна, яна працуе ў чорнай майцы без рукавоў і джынсах. Такая форма пасуе цёмнаму інтэр’еру зомбі-бара.

Персанал рэстарана "Грунвальд" апранаецца класічна: дзяўчаты ў белых кашулях і цёмных спадніцах, хлопцы — у цёмных кашулях.

Модная кавярня "Мануфактура" апранае свой персанал проста ў фірмовых фартухі з назвай кавярні. Пад ім — звычайная паўсядзённая вопратка: джынсы, майка.

Нешта падобнае на вопратку дзяўчат з “Маямі” заўважаем толькі ў справаздачы клуба “Maxshow” на вечарыне “Tanura. Dance of heart". На дзяўчыне, якая падае закускі, —толькі верх ад купальніка і штаны.

Цікавая форма ў супрацоўніц бара "Цвік". Дзяўчаты тут нагадваюць мюнхенскіх афіцыянтак, якія традыцыйна носяць глыбокія дэкальтэ. Што праўда, у Мінску дэкальтэ прыкрытыя кашуляй у клетку.

"Голы" рэстаран і сушы з цела дзяўчыны

За мяжой санстанцыя не супраць экзатычна апранутых афіцянтак. Напрыклад, на Манхэтане ў Нью Ёрку адзін з рэстаранаў раз на месяц ладзіць вечарыну, дзе госці ядуць цалкам голыя. А ў Японіі і ў Лос-Анжэлесе працуе рэстаран, дзе сушы ядуць з цела цалкам распранутай дзяўчыны.

Нешта падобнае некалькі разоў адбывалася і ў Мінску. Напрыклад, у 2009 годзе на цырымоніі “Прадукт года”.


Экзатычныя пабы ёсць таксама ў Львове, напрыклад “Крыівка”, дзе персанал працуе ў вайсковай форме часоў антысавецкага супраціву, ці ў “Мазох”, дзе персанал можа начапіць на вас кайданкі ці прайсціся скураной плёткай, калі жадаеце.

Фота: Еўрарадыё, relax.by, onliner.by, gazetaby.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі