Як адзначыць 25 сакавіка: афіша мерапрыемстваў і святочнае меню

25 сакавіка 1918 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, якой БНР абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Традыцыйна ў Дзень волі ў Беларусі на неафіцыйным узроўні праходзяць святочныя шэсці і мітынгі. Еўрарадыё склала свае прапановы, дзе і як можна адзначыць чарговыя ўгодкі ўтварэння першай незалежнай беларускай дзяржавы.

Аматарам культурнага баўлення часу ў сталіцы амаль нічога не прапануюць. Мерапрыемстваў ці імпрэзаў, прымеркаваных непасрэдна да Дня волі няма. Ці, прынамсі, па зразумелых прычынах іх не афішуюць.

Тым не менш, для павышэння нацыянальнай самасвядомасці і гонару можна наведаць тэатральную пастаноўку “Сымон-музыка”. Выбітны твор Якуба Коласа называюць “скарбніцай беларускай мовы”. Містэрыю ў 2-х дзеях паставіў Мікалай Пінігін, пачнецца яна ў 19:00 у мінскім тэатры імя Янкі Купалы. Што праўда, квіткі набыць можа быць цяжкавата.

У паб-клубе “Графіці” ў 19:00 пачнецца канцэрт легендарнага беларускага гурта “Палац”. Алег Хаменка прапануе адзначыць 25 сакавіка “пад добрыя музыку, напоі ды кампанію”. Сёння ўваход каштуе 130 тысяч рублёў, але колькасць месцаў абмежаваная, таму ўдакладняйце па тэлефоне (29) 638-44 44.

Апошнія дні ў “Археалагічным музеі” у Мінску (вул. Кірылы і Мефодзія, 6) адкрытая выстава "Доблесць і слава: даспехі і ўзбраенне XVI - XVII стст.". Непасрэднага дачынення да Дня волі яна не мае, але ўзгадаць баявыя поспехі беларусаў ды пацвердзіць колішняе існаванне сапраўдных беларускіх ваяроў мусіць дапамагчы.

Калі патрэба ў культурным адпачынку будзе вычарпаная, можна працягнуць свята дома. Беларускі гісторык, публіцыст, культуролаг, аўтар кнігі “Наша страваАлесь Белы лічыць, што найбольш правільна было б накрываць стол у адпаведнасці з сённяшнім каталіцкім святам Дабравешчанне Дзевы Марыі. У гэты дзень заведзена падаваць печыва ў выглядзе птушачак ці бусліных лапак. Таму вельмі вялікая верагоднасць таго, што ў гэты дзень 1918 годзе такім печывам частавалі і Раду БНР.

Рэцэпт печыва:

  • Для цеста:
  • 2 кг. мукі, 50 г. дражджэй, 250 г. алею, 1 шклянка цукру, 1/2 літра вады, трохі солі.
  •  
  • Для глазуры:
  • Салодкая моцная гарбата.

Прыгатаванне:

Печыва робіцца з моцнага пругкага цеста, якое добра вымешваецца. Затым з яго лепяць шар, адшчыпваюць ад яго невялікія кавалкі. З іх раскатваюць жгуты, завязваюць вузлом, галоўцы надаюць адпаведную форму. З разынак робяць вочкі: трохі прыціснуўшы пальцамі, лепяць хвосцік, робяць надрэзы-“пёркі”. Змазваюць паверхню настоем моцнай гарбаты з цукрам (для колеру) і ставяць у духоўку.

Калі ж казаць пра больш сур’ёзныя стравы, то можна ўзгадаць пра зразы ды калдуны. Можна зварыць бацвінне, калі ёсць кансерваванае, бо пакуль не сезон. Можна і крупнік зварыць, асабліва, калі алкагольны.

“Крупнік варылі акурат пад розныя таварыскія нагоды. Нават у “Пінскай шляхце” ёсць пра гэта згадкі, ды і ў меншых крыніцах таксама, — распавядае Алесь Белы. — Калі нейкая важная падзея, напрыклад, прымірэнне паміж варагуючымі сем’ямі ці партыямі, то варылі крупнік. Акурат у знак прымірэння, важнага ўз’яднання… Ну, і зварыць суп крупнік для гэтай жа нагоды таксама было б нядрэнна. Усё ж страва такая старадаўняя!”

Адзін з рэцэптаў Крупніка:

Інгрэдыенты:

Мёд (пажадана кветкавы) — 250 грамаў, вада — 200 мл.; гарэлка (каньяк) — 0,5 літра; карыца — палова палачкі; гваздзіка — 2 бутоны; кардамон — 1 штука; мята — 1 сталовая лыжка; молаты чорны перац — 1 дробка; харчовая сода — 1 чайная лыжка.

Прыгатаванне:

Змяшаць у рондалі ваду, мёд, спецыі і соду. Атрыманую сумесь праварыць на павольным агні на працягу 30 хвілін, перыядычна памешваючы, каб не ўтваралася пена. Пажадана не награваць мёд вышэй 60°C, бо пры больш высокай тэмпературы частка карысных рэчываў у ім губляецца. Астудзіць варыва да пакаёвай тэмпературы, затым працадзіць яго праз 2-3 слаі марлі, прыбіраючы рэшткі спецый. Наліць адфільтраваную сумесь у шкляны слоік, дадаць гарэлку (каньяк) і добра перамяшаць. Герметычна закрыць слоік і паставіць на 20-30 дзён у цёмнае прахалоднае месца. Прафільтраваць гатовы напой праз марлю і вату, затым вытрымаць у холадзе яшчэ 10-15 дзён. У выніку атрымліваецца салодкі мядовы лікёр светла-карычневага колеру з насычаным водарам спецый і крэпасцю 25-30 градусаў. У прахалодным цёмным месцы яго можна захоўваць некалькі гадоў.

Святкаванне Дня волі-2013 у "Чабурэчнай" у Мінску

Калі ж на хатнюю гатоўку ды культурныя мерапрыемствы няма жадання ды часу, то можна і ў бары-кавярні схадзіць. Еўрарадыё зрабіла падборку месцаў, якія дазволяць і выпіць-закусіць і пры гэтым адчуць нейкае гістарычнае яднанне з абвяшчэннем незалежнасці БНР.

Знакамітую мінскую “Чабурэчную” ўсё ж вырашылі не закрываць на рамонт, ва ўсялякім выпадку, 25 сакавіка. Там прапануюць забраніраваць столік на вечар і месцы пакуль ёсць. Кошты ў кавярні крыху ніжэйшыя за сярэднія па Мінску, але для замовы патрэбная ваша прысутнасць і сімвалічны грашовы залог. Нагадаем, “Чабурэчная” знаходзіцца на вуліцы Валадарскага, 9, менавіта ў тым будынку, дзе ў 1918 годзе адбывалася падпісанне Трэцяй устаноўчай граматы БНР.

Непадалёк, па адрасе Валадарскага, 22, знаходзіцца стэйк-бар “Містраль” з музычным аўтаматам, дзе часцяком замаўляюць добрыя беларускія песні. Меню з коштамі знаходзіцца на сайце бара, там жа кантакты для замовы століка.

На плошчы Свабоды, 7, дзе знаходзіўся "дом губернатара", з 20 лютага 1918 года засядаў новаствораны Народны сакратарыят, першы ўрад Беларусі. Непасрэдна ў гэтым будынку ніякіх публічна-забаўляльных месцаў няма. Але навокал іх — безліч. А калі прайсціся да Траецкага прадмесця, то раім завітаць у недарагі і, галоўнае ў гэты дзень, “нацыянальна падкаваны” “Стары горад” (вул. Багдановіча, 19). Беларуская страва і таннае піва вам забяспечаныя. Адзінае — рыхтуйцеся загадзя, бо там вельмі часта няма месцаў.

І, натуральна, не варта забывацца пра рэстаран “Камяніца”, дзе нават у просты дзень беларус здольны адчуць сябе дома і пахарчавацца традыцыйнымі стравамі. Інфармацыю па меню, коштах ды замове месцаў вы можаце атрымаць на афіцыйным сайце.

У Гродне, на вуліцы Савецкай, 7, знаходзіцца кавярня “Раскоша”, якая прапануе наведвальнікам “дакрануцца да гісторыі старога горада ў будынку 1795 года” пад “шырокі асартымент фірмовых страваў і закусак, салодкіх страваў і дэсертаў, кандытарскіх вырабаў, а таксама гарачых і халодных напояў”. А побач з кавярняй, на плошчы Савецкай знаходзіцца знакаміты дом купца Мураўёва, куды ў 1918 годзе пераехаў з Мінска праз Вільню ўрад БНР.

12 ліпеня 1918 года ў будынку магілёўскай сярэдняй школы №1 на вуліцы Першамайскай сабраліся каля 400 прадстаўнікоў мясцовых грамадскіх і палітычных арганізацый. Тады амаль усе прысутныя падтрымалі ідэю незалежнасці Беларусі. У пешай дасягальнасці адтуль, на вуліцы Будзённага, 14, знаходзіцца “Карчма на шклоўскім базары”. Там усіх чакае нацыянальны каларыт, жывая музыка ды смачнае піва.

З Днём волі вас, шаноўныя!

Фота: tortblog.ru, nn.by, my.mail.ru, kupalauski.by, afisha.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі