Ядвіга Паплаўская не хоча судзіцца з кіроўцам, які збіў яе на пераходзе

Ядвіга Паплаўская не хоча судзіцца з кіроўцам, які збіў яе на пераходзе

Народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская не збіраецца падаваць у суд на кіроўцу, які збіў яе на пешаходным пераходзе, перадае тэлеканал АНТ.

Як паведамляла раней Еўрарадыё, спявачка трапіла ў лякарню з пераломам нагі пасля ДТЗ увечары 15 студзеня. Яна пераходзіла дарогу па асветленым нерэгуляваным пешаходным пераходзе на вуліцы Філімонава. Два аўтамабілі спыніліся і прапусцілі яе, а трэці не прытармазіў. 
 
Як паведамляецца, збіў спявачку пажылы кіроўца на "Вольва": ён не прытармазіў на "спячым паліцыянце".

Начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Заранік у каментары журналістам паведаміў: "Пакуль дазнанне будзе праводзіць праверку. Прызначаная медыцынская экспертыза з нагоды цялесных пашкоджанняў. Пасля гэтага будзе прынята рашэнне, па якім артыкуле кваліфікаваць гэтае правапарушэнне. Кіроўца не хавае сваю віну, прызнае, лічыць, што ён парушыў. Гатовы панесці пакаранне".

Тым часам сама спявачка лічыць, што важней было б паставіць святлафор на злашчасным пераходзе, каб спакайней было і пешаходам, і кіроўцам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі