Я ў "чорным спісе"? Як настаўніца шукала працу пасля непадаўжэння кантракта

Ці лёгка знайсці працу, калі на старым месцы не працягнулі кантракт?
Ці лёгка знайсці працу, калі на старым месцы не працягнулі кантракт?

Яшчэ два гады таму адміністрацыю школы, у якой выкладала Марына (імя зменена па просьбе героя), цалкам задавальняла яе праца.

Яна вучыла дзяцей замежным мовам, была класным кіраўніком. Вучняў Марынінага класа ведалі ледзь не ва ўсіх гарадскіх музеях. Дзеці яе любілі. У канцы гэтага навучальнага года некаторыя з іх плакалі, калі даведаліся, што настаўніца сыходзіць са школы.
 

З дзецьмі пра палітыку не гаварыла

Калі ў класе размова заходзіла пра палітыку, Марына старалася прыпыніць яе, у размовах з вучнямі прытрымлівалася нейтралітэту.

— Але я не хавала сваіх поглядаў, але і не падкрэслівала іх. У мяне не пыталіся, ці хадзіла я на маршы, я і не расказвала. Калі ў настаўніцкай заходзіла размова пра палітыку, магла яе падтрымаць. На перапынках у настаўніцкай гаварыла на беларускай мове. Той, хто быў уважлівы, мог заўважыць, што я не падтрымліваю дзейную ўладу.

Дзеці, чуючы, што настаўніца гаворыць па-беларуску, часам цікавіліся: чаму? Марына адказвала проста: "Таму, што люблю сваю краіну Беларусь".

А ў канцы навучальнага года Марыне сказалі: мы не падоўжым з вамі кантракт. Марына паставілася да сітуацыі спакойна: вырашыла, новую працу пачне шукаць пасля адпачынку. Але не знайшла яе дагэтуль.
 

Вы падыходзіце. Вой не, не падыходзіце

— З 16 жніўня я пачала шукаць працу. Прыходжу ў адну школу, мне кажуць: о, вы нам выдатна падыходзіце! У вас і стаж, і катэгорыя! Усё выдатна, прыносьце вашыя дакументы. На наступны дзень прыношу дакументы, мне адказваюць: не, мы вас не бяром. Як не бераце?

Сітуацыя паўтарылася чатыры разы. Больш Марына працу не шукае.

— У мяне рукі апусціліся. Думаю, прыйду і пачую тое самае: спярша бяром, потым — зноў не бяром. Я не магу дакладна сцвярджаць, у чым прычына. Нядаўна мне сказалі: дык яны глядзяць па "чорных спісах", правяраюць, ці не ўдзельнічала ты ў акцыях пратэсту. Шчыра скажу, я не ведаю, ці так гэта. Можа, проста патэлефанавалі ў маю "старую" школу, а там сказалі: асцярожна, яна "БЧБ".

Марына пакідала подпісы за трох альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты напярэдадні выбараў 2020 года. Потым падпісвалася за водзыў дэпутата сваёй акругі. І ў маршах удзельнічала. За якую менавіта з гэтых "правіннасцяў" магла трапіць у чорны спіс і ці трапіла, не ведае.

— А можа, я памыляюся і ніякіх спісаў не існуе — не ведаю. Застаецца факт: сітуацыя паўтараецца раз за разам, і працу я знайсці не магу. Таму пайшла ў рэпетытарства.
 

"Нас ведалі ва ўсіх музеях"

Калі бацькі школьнікаў даведаліся, што з педагогам не падоўжаць кантракт, засмуціліся і яны. Звярталіся да дырэктаркі, пыталіся, як так выйшла. Дырэктарка сказала: скарацілі гадзіны, не стае.

Марыне ўдалося згуртаваць хлопцаў і дзяўчат у вельмі няпростым калектыве, справіцца з булінгам у класе. Большасць дзяцей была з простых сем'яў, для многіх Марына адкрыла, якім можа быць жыццё ў горадзе.

— Наш клас ведалі ва ўсіх музеях, на ўсіх выставах горада. Мы з імі абышлі ўсё што можна: паркі, тэатры, кніжныя фестывалі.

Мая задача была ў тым, каб аб'яднаць іх, каб у класе не было булінгу. І на гэтых мерапрыемствах я бачыла, што хлопцы і дзяўчаты збліжаюцца, перастаюць "дзяўбці" адно аднаго.

Марына прыносіла ў клас настольныя гульні, паказвала, як можна бавіць вольны час. Некаторыя дзеці нават не ведалі, што такія гульні бываюць.

Я в “чёрном списке”? Как учитель искала работу после непродления контракта
Настольныя гульні / pixabay

— Калі я сыходзіла з класа, сказала дзецям і бацькам, што яны могуць і далей звяртацца да мяне.

А пакуль Марына рыхтуецца ўзяцца за рэпетытарства. На гэтым тыдні яе вучні даведаюцца свае расклады заняткаў, і яна спадзяецца, што ўжо на наступным па дадатковыя заняткі яны прыйдуць да яе.

 

Дык ці існуюць "чорныя спісы"?

Еўрарадыё паспрабавала высветліць, ці існуюць тыя самыя "чорныя спісы". Аднак дырэктары школ, з якімі мы пагутарылі, прызналі: у іх установах адукацыі такіх спісаў не было.

Мы паспрабавалі звязацца з настаўнікамі, якія ўвосень мінулага года адкрыта выступілі супраць гвалту і запісалі відэазварот. Некаторыя з іх расказалі, што на ранейшых месцах ужо не працуюць: з адной нашай суразмоўніцай таксама не працягнулі кантракт, хтосьці звольніўся сам.

Але нашы суразмоўнікі прызналі, што шукаць працу ў дзяржаўных школах не спрабавалі, таму і пракаментаваць наяўнасць або адсутнасць спісаў не могуць.

І калі з "чорнымі спісамі" ўсё неадназначна, то ёсць яшчэ адна, даволі адназначная праблема: не падаўжаючы кантракт аднаму супрацоўніку, адміністрацыя школы не заўсёды ведае, кім яго замяніць.

Адна з суразмоўніц Еўрарадыё, якая прадставілася Вольгай (імя зменена па просьбе героя), расказала: у школах шмат вакансій. У траўні Вользе паведамілі пра тое, што кантракт з ёй падаўжаць не будуць.

— Я гутарыла з бацькамі таго класа, у якім працавала. Закрыць вакансію атрымалася далёка не адразу. Я перажывала за дзяцей, баялася, што пастаяннага педагога так і не знойдуць, а гэта значыць, што на ўроках будуць пастаянныя "замены". Сёння адзін, заўтра — іншы. Для дзяцей гэта вельмі цяжка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі