"Я шчаслівая жыць так, як хачу". Дэманстрацыя непрацоўных

"Я шчаслівая жыць так, як хачу". Дэманстрацыя непрацоўных

Вясной 2015 года дзяржава падзяліла беларусаў на дзве няроўныя часткі: сумленных працоўных і сацыяльных утрыманцаў. Дармаедаў, калі па-простаму. Жарсці з гэтай нагоды не сціхаюць ўжо два гады, і мы вырашылі высветліць, як жывецца "прафесійным дармаедам". Ці крыўдуюць на дзяржаву, шчаслівыя яны, альбо не. Па просьбе Еўрарадыё непрацоўныя выйшлі на сваю дэманстрацыю акурат у Дзень працы 1 траўня.

"Я шчаслівая жыць так, як хачу". Дэманстрацыя непрацоўных
Прафесійны фрылансер Людміла і музыкант Альберт.

Людміла Пагодзіна, узрост невядомы. Дыджэй, фатограф, вандроўніца і прафесійны фрылансер.

"На самой справе, я вельмі шмат працую. Я так шмат працую, што часам працую па 36 гадзін у суткі. І сплю па тры гадзіны. А з дзяржавай мне складана... Тое, чым я займаюся, пакуль не мае дакладных фармулёвак. І немагчыма наладзіць з дзяржавай афіцыйныя адносіны. У мяне ёсць некалькі кантрактаў, з якіх я плачу падаткі, але тым не менш я некалькі гадоў спрабую высветліць, ці можна мне адчыніць ІП. Калі адчыніць, ці можна ахапіць мой шырокі профіль? Я выбіваюся са схемы... Я працавала і гардэробшчыцай, зарабляла нейкія грошы, такі сацыяльны эксперымент. У клубах прыбірала, падлогу мыла. Разумеючы, што магу кінуць у любы момант.

Я думаю, што магу больш карысці людзям прынесці, калі буду займацца тым, чым займаюся цяпер. Будзе карысць для грамадств,а і я буду шчаслівай.

Нядаўна на Берлінскім кінафестывалі быў майстар-клас. Называўся "Калі ты знойдзеш нармальную працу?". А мне, на самой справе, пашанцавала. Бацькі ганарацца маімі дасягненнямі, маімі журналісцкімі тэкстамі. Калі нядаўна мяне панесла на сцэну, то мама пачала прасіць, каб я нешта праспявала. Яна, вядома, змірылася, што я не стала урачом. Гэта была яе мара. А пляменнікі мной увогуле захапляюцца".

 

Альберт "Скарлет", 25 гадоў. Музыкант і дыджэй.

"Чаму я не працую? Я працую. Я сёння спаў тры гадзіны. Таму працую, вельмі шмат працую. Усё неафіцыйна. У сваім жыцці я спрабаваў працаваць з дакументамі ў офісе, я працаваў ахоўнікам, грузчыкам. Мне падабаецца нешта рабіць сваімі рукамі. Нядаўна я кінуў працу праграмістам. Зразумеў, што падабаецца мне працаваць музыкантам, а не праграмістам. Гэта тое, чым я хачу займацца ўсё жыццё, каб потым не шкадаваць, што пражыў яго дарэмна.

Мне крыўдна не таму, што дзяржава мяне лічыць дармаедам. Крыўдна таму, што мы жывем у свеце лагічных падмен і падвойных стандартаў. Шмат хто гэтага не разумее, і так і жыве. Але, магчыма, нешта зменіцца. Я спрабую як мінімум паказаць гэтую праблему.

Ці просяць родныя знайсці нармальную працу? Іх больш турбуе мая знешнасць. На мінулы Вялікдзень нават не спрабавалі віншаваць са святам, не казалі мне: "Хрыстос уваскрос". Родныя змірыліся з думкай, што я сам спрабую сябе нечым заняць. Мая сям'я часам не гатовая да нечага, але хаця б прымаюць мяне такім. Яны зразумелі, што я ўжо дарослы, і зрабіў свой выбар".

"Я шчаслівая жыць так, як хачу". Дэманстрацыя непрацоўных
Пісьменнік Яўген.

Яўген Ліпковіч, 57 гадоў. Пісьменнік і сцэнарыст.

"Мне не крыўдна, што дзяржава лічыць мяне дармаедам. Мне за такую дзяржаву не крыўдна. Мне яшчэ ніякіх "лістоў шчасця" не прыходзіла, але паглядзім, што яны будуць у наступным годзе рабіць. Міністэрства культуры не ўключыла ПЭН-Цэнтр у спіс творчых саюзаў. Нахабна і цынічна не ўключыла. Я думаю, тут адбываецца дыскрымінацыя па творчай прыкмеце. Трэба на замміністра культуры паперу напісаць у пракуратуру.

Заводскага стажу маю, прабачце, больш чым у многіх. Менавіта заводскага стажу. Я сваё ўжо адпрацаваў. На заводзе, за станкамі. У мяне гадоў дзесяць такога стажу. Я нават на МАЗе працаваў.

На плакаце ў мяне вядомы сімвал. Чалавек. Гэта лідар хасідскага руху Хабад. Любавіцкі Рэбе. Свята працы 1 траўня ― гэта свята амерыканскае, таму я яго выбраў цалкам сур'ёзным сімвалам. Не статую свабоды ж дэманстраваць. Ён жыў у Брукліне, родам з Беларусі, з вёскі Любавічы. Вось Наталля Паклонская на акцыю "Забыты полк" выходзіць з партрэтам Мікалая ІІ. Чалавека, які ўсё праср...ў. А я выйшаў з гэтым чалавекам. Гэта яўрэйскі святы. У нас святых не так шмат. Некалькі лаурэатаў Нобелеўскай прэміі толькі родам адсюль. Але гэта ўсе святыя. У тым ліку і святая Алексіевіч".

"Я шчаслівая жыць так, як хачу". Дэманстрацыя непрацоўных
Бізнесовец Андрэй.

Андрэй Кабанаў, 46 гадоў. Бізнесмен.

"Я дармаед, але не зусім дармаед. Саўладальнік адной кампаніі і ўладальнік іншай. Вось у іншай у 2010 годзе я спыніў дзейнасць цалкам. Пра што праінфармаваў падатковую інспекцыю. Сказаў ім, што пакуль не зменіцца сітуацыя ў краіне, я працаваць не буду. Палітычная сітуацыя, эканамічная. Усякая такая ерунда. Сказаў ім, што не буду аднаўляць дзейнасць і папрасіў не турбаваць ніякімі паперамі. Напісаў заяву. Чысло, подпіс, усіх паважаю і люблю, але працаваць не буду.

Цяпер я жыву за кошт іншых прыбыткаў. Ад бізнеса не маю нічога, ніякіх паступленняў. Хаця "ліст шчасця" пакуль не атрымаў.

Ці марыў я працаваць на заводзе? Калі ў 1987 годзе паступаў у Беларускі палітэхнічны інстытут на прыборабудаўнічы факультэт, то так. Яшчэ са школы марыў стаць інжынерам. Але вось неяк так выйшла. Крыху папрацаваў, і адбіла жаданне".

"Я шчаслівая жыць так, як хачу". Дэманстрацыя непрацоўных
Вандроўніца Алена.

Алена Птушка, 23 гады. Вандроўніца.

"Чаму я не працую ў звыклым для грамадства сэнсе? Бо я лічу, што самае галоўнае, што мы маем ― гэта час. І мне хочацца траціць свой час на іншыя рэчы. Я вельмі люблю працаваць. Але цяпер такі час, калі я хачу займацца іншымі рэчамі. Я хачу вандраваць, вучыцца граць музыку, вучыцца маляваць. Знаёміцца з цікавымі людзьмі, вывучаць сацыяльна-культурнае праектаванне. І неяк гэта ўсё арганічна ўплятаць у жыццё.

Мне забаўна, што мяне лічаць дармаедкай. Я сябе ёй не лічу, я стараюся рабіць нейкія карысныя рэчы для грамадства. Яны, магчыма, не ўпісваюцца ў нейкія рамкі, але я люблю людзей і стараюся нешта рабіць для людзей.

Самыя блізкія людзі бачаць, што я шчаслівая ў сваім ладзе жыцця. І таму яны яго прымаюць. А некаторыя, вядома, кажуць: ідзі працуй на завод. Але я з усмешкай гэта ўспрымаю. Кожны мае права на сваё меркаванне. Калі нехта думае, што праца на заводзе прыводзіць да шчасця, то ладна, гэта іх меркаванне. У мяне іншае. Я на заводзе не хачу працаваць.

Цяпер мне падабаецца граць музыку, граць музыку ў пераходах. Што будзе далей... я не ведаю. Я амаль атрымала дыплом журналіста. Магчыма, некалі я захачу гэтым займацца. У мяне ёсць прафесія, ёсць куды пайсці".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі