Word war: італьянцы змагаюцца з надпісамі па-нямецку

“Так сама, як Рым і Берлін ваююць наконт жорсткай эканоміі, у італьянскай паўночнай правінцыі адбываецца моўны канфлікт, які правакуе шмат гневу і падзяляе нямецка- і італьянамоўных жыхароў”, — так The Independent апісаў пераклад шыльды і паказальнікаў з італьянскай на нямецкую, які пару тыдняў таму адбыўся ў італьянскім рэгіёне Паўднёвы Ціроль.

Справа ў тым, што паводле рашэння нямецкамоўнага губернатара рэгіёна Луіса Дурнвальдэра і італьянскага міністра па рэгіянальных справах Грацыяна Дэлерыа, 135 назваў населеных пунктаў у Італіі цяпер будуць толькі па-нямецку.

“Нямецкі акцэнт” не вельмі спадабаўся італьянамоўным жыхарам Паўднёвага Ціроля, якія хутка дапісалі на шыльдах назвы на роднай мове. Іх пратэст падтрымліваюць і мясцовыя палітыкі. Прычым і правыя, і левыя, як Даніэла Росі з Дэмакратычнай партыі. Яна абураецца:

“Мы выглядаем як пасмешышча. Гэтыя дзеянні ніхто з намі не абмяркоўваў”.

У той час Der Spiegel піша, што праблема з мовамі ў Паўднёвым Ціролі не новая. Жартуючы, выданне піша пра Word war” паміж краінамі альбо “вайну словаў”. Гучыць амаль як “Сусветная вайна” (ці “World war”).

Калісьці самі італьянцы на хуткую руку пераклалі каля 17 тысяч назваў з нямецкай на італьянскую. Гэта было пасля Першай сусветнай вайны, калі аўстра-венгерскі Паўднёвы Ціроль далучылі да Італіі.

Магчыма, што “Паўднёва-цірольская народная партыя” губернатара Дурнвальдэра была б не супраць правесці больш глыбокую германіфікацыю. Але пакуль не спяшаюцца, бо вялікія амбіцыі могуць не спадабацца ўладам у Рыме і загубіць здзелку па ўжо перакладзеных 135 назвах.

Цікава, што моўная праблема апошнім часам агалілася не толькі ў Італіі, але і ў непасрэднай блізкасці ад Беларусі — у суседняй Літве. Тут прэм’ер краіны Альгірдас Буткявічус кажа “не” шыльдам на польскай мове:

“Мы павінны зразумець, што ўсе з’яўляемся грамадзянамі Літвы. Для ўсіх грамадзян мусяць існаваць аднолькавыя ўмовы. Гэта азначае, што не павінна быць двухмоўных шыльд, калі паважаем нашу краіну, Канстытуцыю, права”.

Як піша Gazeta Wyborcza, Сацыял-дэмакратычная партыя Буткявічуса адразу пасля перамогі на выбарах абяцала вырашыць пытанне напісання арыгінальных прозвішчаў і двухмоўных назваў населеных пунктаў. Але вырашацца яно будзе, відаць, не так, як таго чакае польская меншасць, што складае каля 7% трохмільённай краіны. Прычым ад прынцыповасці літоўскіх палітыкаў пакутуюць не толькі палякі, але часам і самі літоўцы, як сцвярджае Gazeta Wyborcza. Напрыклад, літоўкі, якія ўсё часцей выходзяць замуж за замежнікаў, не могуць браць арыгінальных прозвішчаў мужоў. У выніку сужэнцы маюць розныя прозвішчы. Гэта стварае бюракратычную цяганіну ў адміністрацыях і не дазваляе прыняць той жа заказны ліст, што прыйшоў на імя мужа.

Фота: picture-alliance

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі